Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з дзяржсакратаром СД Сяргеем Глазьевым не толькі вырашыў развеяць «канспіралогію» наконт яго размовы з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным і «змовы» супраць Мінска, але і вырашыў перадаць публічную прапанову прэзідэнту ЗША Дональду Трампу наконт Венесуэлы.
Лукашэнка лічыць памылковым затрыманне Нікаласа Мадуры і вываз яго ў ЗША амерыканскімі вайскоўцамі. Цяпер жа ён гатовы прапанаваць Трампу спосаб выйсці з сітуацыі з Венесуэлай.
«Ім пастаянна кажу, шчыра кажу, дзе яны не маюць рацыі. З Мадурам не маюць рацыі — глупства ўчынілі. Я папярэджваў. Па прапанове амерыканцаў (не я сам — яны мяне папрасілі) я быў уцягнуты ў гэтую праблему. І я ім прапанаваў ідэальны варыянт. Ідэальны варыянт! Але яны пайшлі сваім шляхам. Дональд хацеў неяк дагадзіць вайскоўцам», – сказаў Лукашэнка.
На яго думку, захоп Мадуры быў непрадуманым.
«Ну і што яны зрабілі? Заўсёды трэба думаць: крок зрабіў, а што потым? Ну што цяпер? Якую можна прышыць віну ў наркагандлі Мадуру? У чым яго можна абвінаваціць? Ну дакажыце, што ён узначальваў нейкі там картэль. А тое, што наркотыкамі гандлюе ўвесь свет, дык гэта так», – сказаў Лукашэнка.
Аднак у яго ёсць ідэя, як выйсці з гэтай сітуацыі.
«Правялі нейкую аперацыю, схапілі чалавека. Ну і што? Усяму свету паказалі, хто ёсць хто. Але галоўнае — а што далей? Таму гэта яшчэ тэма для майго абмеркавання з кіраўніцтвам Злучаных Штатаў Амерыкі. У мяне ёсць прапанова па выхадзе з гэтай сітуацыі. І калі яны хочуць годна і прыгожа выйсці з гэтай сітуацыі, мы гатовыя з Дональдам у гэтым дачыненні працаваць. Ён прагматычны чалавек. Я таксама. Таму, думаю, што мы абмяркуем гэтую праблему. Я не хачу сказаць, што я тут галоўны дарадца і я тут магу з ім вырашыць нейкую праблему. Не. Але свой пункт гледжання я магу выказаць», – працягнуў Лукашэнка.
У працяг Лукашэнка таксама вырашыў даць больш падрабязны разбор палітыкі Дональда Трампа, у прыватнасці, абвешчанага ім вяртання да дактрыны Манро.
«Што тычыцца Злучаных Штатаў Амерыкі. Дактрына Манро… Ну, Сяргей Юр’евіч, мы з вамі вопытныя людзі. Калі гэта было ўжо?! Ну, можна яе мадэрнізаваць неяк. Ну, калі нам жыць у 19-м або 18-м стагоддзі, то нам заўтра сапраўды трэба з Еўропай ваяваць. Але мы такіх мэтаў не ставім перад сабой. Тое ж самае і Злучаныя Штаты Амерыкі», – сказаў ён.
Знайшліся ў Лукашэнкі і словы наконт спробы Дональда Трампа атрымаць Грэнландыю.
«Разумеем іх заклапочанасць па Грэнландыі. Тым больш яны маглі ўкласціся добра ў Грэнландыю. Ну вось такім чынам — што гэта выклікала? Адчужэнне. Нават унутры Злучаных Штатаў Амерыкі большасць насельніцтва кажа: “Не, мы не хочам”. Хоць гэта, ну, гераічныя людзі ў ЗША, вы ведаеце, як фарміравалася гэтая нацыя і гэтак далей. Туды не простыя людзі прыязджалі з Еўропы. Гэта людзі, нацэленыя на барацьбу, і гэтак далей. Сказалі: “Не, так не трэба”. З Еўропай сутыкнуліся, не кажучы пра Данію і гэтак далей. Я бачу, Дональд адступіў», – сказаў ён.
У цэлым жа Лукашэнка лічыць, што не трэба перажываць з-за палітыкі Трампа.
«Не трэба парыцца наконт яго палітыкі. Ён жа адразу сказаў: мір праз сілу. А тактыка такая: націснуць, потым адступіць. Гэта яго тактыка. Моцная краіна, магутная, лідар у свеце. Ну такая тактыка ў яго. І не трэба тут на яго накатваць, навальвацца і іншае. Я яго тут не абараняю, але гэта сапраўды так. Гэта яго тактыка. Мы гэта цудоўна адчуваем па перамовах са Злучанымі Штатамі Амерыкі. І нам удаецца ў гэтых перамовах вырашаць свае праблемы. Але ні ў якім разе мы не вырашаем гэтыя праблемы за кошт братэрскай і роднай нам Расіі», – падкрэсліў ён.
будзе дапоўнена
