Фото: Пул первого
Аляксандр Лукашэнка, прызначаючы новым генпракурорам Дзмітрыя Гару, пацвердзіў, што тэма расследавання «справы аб генацыдзе», якую пачаў Андрэй Швед, стаўшы старшынёй Вярхоўнага суда, будзе працягнутая. Паводле слоў Лукашэнкі, новы генпракурор павінен прад’явіць рахунак адказным за генацыд.
«Але мы ўжо столькі выявілі фактаў, што цяжка знайсці нешта дадаткова. Але ў выніку мы павінны ім прад’явіць рахунак. Заплацяць, не заплацяць, але яны павінны ведаць, што яны нам павінны. І не тое, што мы падлічылі сёння ў доларах, калі долар абясцэньваецца шалёнымі тэмпамі. Нікому ён ужо сёння не патрэбны… Ну, заўтра дакладна не патрэбны будзе. Яны павінны разумець, што яны разбурылі рэспубліку», — сказаў Лукашэнка, перадае яго прэс-служба.
«Таму тут нам трэба закругляцца і паказваць як належыць усе гэтыя злачынствы нацыстаў. Гэта актуальна сёння, вельмі актуальна. Угадалі мы. На фоне той палітыкі, якую Захад праводзіць. Перш за ўсё еўрапейскія дзяржавы», — дадаў ён.
Нагадаем, незадоўга да свайго прызначэння старшынёй Вярхоўнага суда папярэдні генпракурор Андрэй Швед заяўляў, што ў наступным годзе ў суд будзе накіравана 7–10 крымінальных спраў у дачыненні да памерлых асобаў па абвінавачанні ў генацыдзе беларускага народа ў часы ВАВ. Тады ж ён заявіў, што матэрыяльная шкода, нанесеная краіне падчас ВАВ, ацэньваецца ў 2,3 трлн долараў.