Фото: ГТК
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што верне транспартныя сродкі з літоўскай рэгістрацыяй, якія ўтрымліваюцца ў Беларусі з восені мінулага года. Паводле яго слоў, ён абавязаны прыняць рашэнне да панядзелка.
“Гэта рашэнне да панядзелка я абавязаны прыняць. Цягнуць не трэба, я не хачу, каб быў бюракратызм або валакіта. Гэта мой прынцып: я чалавек сістэмны, і хачу гэта вырашыць за выходныя”, — сказаў ён.
Лукашэнка нагадаў, што на гэтым тыдні з прэм’ер-міністрам Аляксандрам Турчыным сустрэліся літоўскія і польскія перавозчыкі, чые грузавікі і паўпрычэпы застаюцца ў Беларусі. Ён падкрэсліў, што да яго пісьмова звярнуліся прадстаўнікі кампаній, а ён даручыў ураду сустрэцца.
“Я даручыў ураду: давайце вы сустрэнецеся і па-чалавечы з імі пагаворыце. Селі за стол перамоваў, выслухалі іх і перадалі мне. Я прыму рашэнне і, думаю, з панядзелка мы працэс вяртання гэтых фур пачнем. Вернем мы гэтыя фуры. Шкада палякаў, літоўцаў”, — сказаў Лукашэнка, перадае яго прэс-служба.
Паводле яго слоў, кошт аховы фур на спецстаянках, куды іх звезлі ў мінулым годзе, можа быць зніжаны з першапачатковых 120 еўра ў суткі, пра якія ён казаў тады.
“Кошт просяць знізіць за стаянкі. Разумеем, калі гэты кошт з іх узяць, яны палову гэтых аўтамабіляў не забяруць, таму што там ужо кошт будзе вышэйшы, чым яны куплялі. Мы ім еўрапейскі кошт усталюем, хутчэй за ўсё. Як у іх ёсць мытны кошт невялікі. Заплацілі за стаянку гэтыя капейкі — забірайце”, — працягнуў ён.
Нагадаем, па выніках сустрэчы ва ўрадзе намеснік міністра замежных спраў Ігар Сакрэта заяўляў, што на працягу тыдня будзе падрыхтаваны даклад пра фуры, па выніках якога будзе вызначана плата за стаянку.
Лукашэнка таксама прапанаваў Польшчы адкрыць дадатковыя пункты пропуску, каб выпусціць грузавікі, якія фактычна належаць польскім кампаніям.
“Цяпер палякі кажуць: “Рады бога, не прымушайце нас гэтыя аўтамабілі праз Літву везці ў Польшчу”. Я кажу: “Добра, вязіце праз польскую”. Нам якая розніца? Хоць праз Украіну! Адкрывайце любы польскі пункт і забірайце свае польскія аўтамабілі з літоўскімі нумарамі. За стаянку заплацілі — забірайце, маршруты вызначаны. Адказны ў нас мытны камітэт, які вырашыць гэтую праблему па даручэнні прэзідэнта”, — сказаў ён.
Трэба адзначыць, што раней Беларусь дазволіла польскім грузавікам перасякаць мяжу толькі на польска-беларускім яе ўчастку. У той жа час на машыны з літоўскай рэгістрацыяй такое абмежаванне не накладалася. Пры гэтым у мінулым годзе пасля закрыцця мяжы Літвой такая ж мера стала прымяняцца і да літоўскіх грузавікоў: яны могуць перасякаць мяжу толькі на беларуска-літоўскім участку.