Падчас адкрыцця фэсту "Папараць". Фота: Аляксандра Канончанка.
Гэтымі выходнымі вёска Скшэтушэва (Skrzetuszewo), што за гадзіну язды ад Познані, ператварылася ў арт-прастору, дзе сустрэліся дзікая прырода, беларускае сучаснае мастацтва і традыцыйны дух Купалля. Тыднёвая рэзідэнцыя для беларускіх творцаў, якую супольна зладзілі NGO Logos і познанская фундацыя KUT, завяршылася камерным і вельмі незвычайным фестывалем беларускай культуры PARARAĆ.
Пра тое, як нараджаўся праект, чым мастакі здзіўлялі мясцовых жыхароў і чаму фармат супольнага дзеяння апраўдаў сябе на ўсе сто, распавялі арганізатаркі — культурная менеджэрка Наталля Зданевіч і заснавальніца фундацыі KUT Вольга Стрыжнёва.
Ідэя рэзідэнцыі выспявала ў фундацыі KUT даўно. Як кажа Наталля Зданевіч, арганізацыя ад пачатку не ўспрымала сябе як «офіс у чатырох сценах», які проста прымае чужыя праекты. Заўсёды хацелася ствараць уласныя сітуацыі для сустрэч, абмену культурнымі практыкамі і эксперыментаў.
Калі раней свята Купалле ад KUT ладзілася ў межах Познані на рацэ Варта, то сёлета арганізатары вырашылі зрабіць крок наперад — выйсці з гарадскога рытму і знайсці месца, дзе мастакі маглі б папрацаваць у поўным усамотненні з прыродай. Тэма Купалля сама па сабе патрабавала такога кантэксту. Выбар упаў на маляўнічае возера Ледніца і вёску Скшэтушэва.
«Возера і гэтае прыроднае асяроддзе сталі не проста фонам, а паўнавартаснымі ўдзельнікамі рэзідэнцыі. Гэта было сапраўднае натхненне, і многія працы нарадзіліся менавіта ў кантакце з гэтай прыродай», — адзначае Наталля.
На адкрыты кол адгукнуліся больш за 40 чалавек, з якіх арганізатары адабралі 20 удзельнікаў: беларускіх мастакоў, музыкаў, перформераў, фатографаў, мастацтвазнаўцаў і культактывістаў. Куратарам гэтай творчай грамады выступіў вядомы мастак Андрэй Бусел (Hutkasmachnaа). Ён не задаваў удзельнікам жорсткіх рамак або канкрэтнага выніку загадзя, а даў творцам максімальную свабоду.
Важна, што кожнае ўмяшальніцтва ў асяродак адбывалася са згоды гаспадароў і пасля папярэдняга ўзгаднення, таму мастакі працавалі ў поўнай сінергіі з кантэкстам вёскі. Адметнасцю рэзідэнцыі стала рашэнне не прывозіць шмат гатовых матэрыялаў, а выкарыстоўваць тое, што ўжо ёсць на месцы — старыя, закінутыя рэчы, якія згубілі сваю функцыю.
Так, старую драўляную павозку, якую гаспадары ўжо збіраліся альбо прадаць, альбо нечым абшываць, мастак Вадзік Фін размаляваў у сваім фірмовым стылі. Мясцовыя жыхары былі прыемна здзіўлены, а сама павозка пераехала на пляцоўку фэсту і ідэальна ўпісалася ў кантэкст. Па ідэі Андрэя Бусла валанцёры загрунтавалі і пафарбавалі старыя лодкі — наведвальнікаў кемпінгу і фэсту яны сустракалі ў жыце, ствараючы сюррэалістычную карціну ў духу Рэне Магрыта.
Нечакана ў прыродным ландшафце выглядалі работы Аляксандры Канончанка, якая звычайна робіць металічныя абярэгі для галерэйных выстаў (напрыклад, у Берліне). Тут яна стварыла некалькі аб’ектаў амаль у рост чалавека і схавала іх сярод дрэў і травы.
Свае аб’екты ў асяроддзе гарманічна ўпісаў і Doctor Oy, размясціўшы інсталяцыю проста ў лесе.
Адным з самым яркіх і інтрыгуючых момантаў рэзідэнцыі стала трансфармацыя вясковага аўтобуснага прыпынку. Арганізатары загадзя атрымалі афіцыйный дазвол ад мясцовых уладаў і на працу з гэтым аб’ектам, які выкарыстоўвацца даволі рэдка. І нечакана нават для саміх сабе ператварылі прыпынак у, лічы, канцэртную сцэну.
«Гэта была цалкам калектыўная, гарызантальная праца, — дзеліцца Наталля Зданевіч. — Ідэя такога пераўтварэння прыпынку абмяркоўвалася загадзя. Машы Значанок хацелася зрабіць яго не проста функцыянальным аб’ектам, а невялікім месцам для супольнасці — такім, што прыцягвае ўвагу, выклікае ўсмешку і стварае адчуванне чагосьці незвычайнага і жывога. Яшчэ да пачатку рэзідэнцыі мы абменьваліся рэферэнсамі і абдумвалі агульную канцэпцыю.
Пазней Алена Рыжкова дапамагла дапрацаваць яе дэталямі і дэкорам. Ідэя з чахламі на сядзенні таксама з’явілася падчас падрыхтоўкі, а адна з удзельніц прапанавала сваю дапамогу, бо ўмела шыць, і ўзялася за іх выраб. Андрэй Бусел дадаў уласныя мастацкія элементы.
У выніку тут зладзілі кароткі акустычны канцэрт-перформанс, дзе спявалі Мікіта Арлоў (гурт «Союз», «Applepicker») і Вячаслаў Кміт («Кміт-ансамбль»), а Doctor Oy нават напісаў адмысловую песню, прысвечаную гэтаму прыпынку».
Заснавальніца фундацыі KUT Вольга Стрыжнёва згадвае, што спачатку мясцовыя паглядалі на творцаў з насцярожанасцю:
«Спачатку ставіліся з асцярожнасцю: і колер для прыпынку быў дзёрзкі, і наогул да таго, што мы адважыліся гэта рабіць. Чураліся, паглядалі збоку, нават заўвагі рабілі — як любыя людзі, у чыю прастору ўварваліся. Але на імпрэзу на прыпынак нечакана прыйшло даволі значная колькасць людзей. У выніку ўсе засталіся задаволеныя. Вельмі шмат пыталіся пра беларусаў, пра тое, як нам жывецца, чым займаемся і ці часта робім канцэрты на прыпынках. Удалося пасябраваць, нас нават папрасілі даслаць фатаграфіі».
Яшчэ адзін аб’ект, які выклікаў ажыўленне — гэта пляжная раздзявалка, якую сканструяваў Андрэй Бусел, а аформіла фатографка Кацярына Ігнашэвіч. На сценах раздзявалкі змешчаны буйнафарматныя фотаздымкі аголеных целаў мужчыны і жанчыны (выгляд спераду і ззаду), дзе інтымныя месцы прыкрытыя лісцікамі. Гэтыя лісцікі можна фізічна адхінуць.
«Здавалася, што гэта будзе вельмі кантраверсійная рэч для вёскі, — тлумачыць Наталля. — Але як мы даведаліся ад гаспадыні бівака, усе засталіся вельмі задаволеныя! І дзеці, і дарослыя рэагуюць вельмі смешна: ціханька падходзяць, адхінаюць лісцік, хіхікаюць. Гэта адразу пачало працаваць функцыянальна. Прыходзім раніцай пасля фэсту — а мясцовыя ёй ужо карыстаюцца па прызначэнні, пераапранаюцца».
Арганізатары прызнаюцца: лайн-ап і паслядоўнасць падзей складаліся літаральна познім вечарам напярэдадні фэсту. Праграма была вельмі пластычнай, без сухой мяжы паміж сцэнай і гледачом. Напрыклад, калі камусьці захацелася паспяваць, гэта адразу станавілася супольнай справай, дзеянне плаўна змяняла свой кірунак прама на ходзе. Удзельнікі і госці перамяшчаючыся ад кропкі да кропкі па карце фэсту, а завяршылі вечар камернымі пасядзелкамі каля вогнішча і ракі.
«Калі б я глядзела збоку, я б сказала, што атрымалася занадта рознафарматна: і канцэрт на прыпынку, і выставы, і супольныя спевы, — рэфлексуе Наталля Зданевіч. — Але фармат рэзідэнцыі спрацаваў менавіта як працэс супольнага дзеяння. Шчыльны тыднёвы фармат працы вельмі зблізіў, з’явілася адчуванне нечага агульнага. Загадзя такое спланаваць было б проста немагчыма».
Большасць буйных інсталяцый (металічныя абярэгі, працы з гліны) мастакі дэмантавалі на другі дзень і забралі з сабой — нешта паедзе на выставы, нешта (як працы Доктара Оя) мастакі павязуць паказваць у Варшаву на «Варушняк». Некаторыя крохкія арт-аб’екты былі разлічаны на адзін дзень і не вытрымалі кантакту з надвор’ем.
Аднак тыя рэчы, што былі створаны з мясцовага матэрыялу па ўзгадненні з жыхарамі, засталіся жыць у Скшэтушэве. Лодкі вярнуліся да вады на сваё ранейшае месца, павозка засталася ў кемпінгу як візуальнае ўпрыгожванне, а арт-раздзявалка працягвае стаяць на пляжы, бо сталася ўлюбёнай атракцыяй мясцовых жыхароў.
Падчас фінальнай сустрэчы арганізатары адназначна вырашылі: фармат супер-паспяховы і яго трэба паўтараць. Магчыма, у наступным годзе будзе выбрана іншая лакацыя ці больш выразна акрэслена тэма, але тое, што рэзідэнцыя атрымае працяг — факт.
«Для ўсіх нас гэта быў вельмі магутны, падтрымліваючы працэс, — падсумоўвае Наталля Зданевіч. — Усе ўдзельнікі былі шчыра зацікаўленыя ў тым, каб дапамагаць адзін аднаму, знаёміцца, хадзіць і глядзець, што робяць твае суратнікі. Я злавіла гэтую неверагодную хвалю сінергіі і цеплыні, знаходзячыся ўнутры. Нават калі на сам фэст ужо прыехалі госці і сябры з Познані, у кантэксце гэтай крыху дзікай прыроды ўсё роўна захавалася асаблівая камернасць. Мы проста былі разам: расшарылі тэксты, разам спявалі, размаўлялі, нікуды не спяшаліся. Загадзя такое немагчыма спланаваць па хвілінах — гэта нараджалася ў моманце, і ў гэтым быў сапраўдны кайф».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram