Скриншот видео t.me/latushka
Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка прыняў удзел у брыфінгу для членаў групы «Альянс лібералаў і дэмакратаў за Еўропу» (ALDE) у рамках летняй сесіі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы. Палітык заявіў, што без свабоднай і незалежнай Беларусі не можа быць бяспечнай Еўропы, і звярнуў асаблівую ўвагу на бесперапынную ваенную актыўнасць у краіне з пачатку 2026 года па трох ключавых напрамках — армія, унутраныя войскі і тэрытарыяльная абарона.
Ён адзначыў, што ў студзені па асабістым даручэнні Аляксандра Лукашэнкі была праведзена маштабная раптоўная праверка баявой гатоўнасці, у сакавіку — комплексныя тактычныя вучэнні войскаў Заходняга аператыўнага камандавання каля межаў ЕС, у маі — сумесныя з Расіяй вучэнні па прымяненні тактычнай ядзернай зброі. Па лініі МУС і ўнутраных войскаў вядзецца падрыхтоўка да падаўлення любога супраціву ва ўмовах вайны. З 12 мая разгорнутыя мабілізацыйныя зборы тэрытарыяльнай абароны з фарміраваннем мясцовых частак з рэзервістаў.
Латушка таксама падкрэсліў, што з сакавіка 2025 года не быў прыняты ніводны пакет санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі ў сувязі з парушэннямі правоў чалавека.
«Пры гэтым маштаб рэпрэсій у Беларусі беспрэцэдэнтны. Праз затрыманні прайшлі больш за 60 тысяч чалавек. З палітычна матываваным крымінальным пераследам сутыкнуліся каля 10 тысяч чалавек, амаль 8,5 тысячы былі асуджаныя. Нядаўняе прызнанне Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта ў Літве „экстрэмісцкай арганізацыяй“ выклікала хвалю пераследу студэнтаў і іх сваякоў. На дадзены момант паведамляецца як мінімум пра 60 ператрусаў па ўсёй Беларусі», — заявіў ён.
«Гэты жорсткі ўнутраны тэрор наўпрост забяспечвае знешнюю агрэсію. Татальнае падаўленне грамадства, ліквідацыя незалежных медыя і знішчэнне сектара НКА дазволілі Лукашэнку ізаляваць унутраны супраціў і даць беларускай тэрыторыі, інфраструктуру і паветраную прастору расійскай арміі. Унутраны тэрор — гэта зачыстка тылу для забеспячэння знешняй агрэсіі супраць Украіны», — адзначыў палітык.
Латушка заклікаў членаў групы ALDE лабіраваць ва ўрадах сваіх краін падтрымку расследавання Міжнароднага крымінальнага суда па беларускай сітуацыі, а таксама падтрымліваць інстытуты дэмакратычных сіл, незалежныя медыя і арганізацыі грамадзянскай супольнасці.