Фото: vrm.lrv.lt
Міністр унутраных спраў Літвы Уладзіслаў Кандратовіч прыняў рашэнне ўзмацніць меры на ўнутраных межах краіны для больш эфектыўнага кіравання патокамі другаснай міграцыі з Латвіі і зніжэння рызыкі нелегальнай міграцыі.
Згодна з рашэннем, на памежных участках унутраных межаў, у транспартных вузлах, пасажырскім транспарце, а таксама ў аэрапортах і марскіх партах будуць больш інтэнсіўна выкарыстоўвацца тэхналогіі назірання і больш актыўна праводзіцца патруляванне. Праверкі будуць праводзіцца з улікам наяўнай інфармацыі і ацэнкі магчымых рызык. У МУС падкрэсліваюць, што гэтыя меры не азначаюць аднаўлення ўнутранага памежнага кантролю і будуць ажыццяўляцца ў рамках патрабаванняў заканадаўства ЕС з захаваннем свабоднага перамяшчэння ў Шэнгенскай зоне.
Арганізаваць і каардынаваць выкананне мер даручана Службе аховы дзяржаўнай мяжы. У сумесных дзеяннях таксама прымуць удзел Дэпартамент паліцыі, Служба грамадскай бяспекі і Мытны дэпартамент. Гэтыя службы выдзеляць неабходныя сілы і матэрыяльныя рэсурсы.
Як заяўляюць ў літоўскім МУС, у сувязі з узмацненнем аховы дзяржаўнай мяжы Літвы інструменталізаваная Беларуссю міграцыя ўсё часцей накіроўваецца ў суседнія краіны. У 2025 годзе былі затрыманы 1288 нелегальных мігрантаў, перавезеных з Латвіі або тых, хто самастойна выехаў адтуль. Гэта амаль у 2,5 раза больш, чым у 2024 годзе. У тым жа годзе супрацоўнікі Службы аховы дзяржаўнай мяжы пачалі 85 дасудовых расследаванняў па фактах незаконнай перавозкі людзей праз дзяржаўную мяжу і затрымалі 101 перавозчыка.
Сёлета менш чым за 6 месяцаў было затрымана столькі ж мігрантаў, якія рухаліся «латвійскім маршрутам», колькі за ўвесь 2025 год. Пры параўнанні перыяду з 1 студзеня па 19 чэрвеня гэтага года з аналагічным перыядам мінулага года другасная міграцыя з Латвіі вырасла ў 4 разы — з 319 да 1288 замежнікаў.
З пачатку міграцыйнага крызісу ў 2021 годзе на літоўска-беларускай мяжы зафіксавана больш за 25 тысяч спроб незаконнага перасячэння. Паводле даных міністэрства, сітуацыя ў цяперашні час стабільная, аднак назіраецца рост другаснай міграцыі з Латвіі. Літва падтрымлівае цесныя кантакты з суседнімі краінамі для скаардынаванага вырашэння гэтай сітуацыі.