Літва накіруе яшчэ 0,5 млн еўра на юрыстаў у спрэчцы з «Беларуськаліем»

Урад Літвы плануе накіраваць амаль 825,3 тысячы еўра на аплату паслуг юрыстаў, якія прадстаўляюць інтарэсы краіны ў міжнародных арбітражных спрэчках, звязаных са спыненнем транзіту беларускіх угнаенняў. Адпаведныя сродкі будуць выдзелены Міністэрству транспарту і камунікацый для аплаты рахункаў за тры месяцы мінулага года (ліпень–верасень), піша LRT са спасылкай на ELTA.

Асноўная частка сумы — 537,8 тысячы еўра — прызначана для вядзення справы супраць «Беларуськалія». Беларускі вытворца калійных угнаенняў патрабуе ад Літвы кампенсацыі шкоды ў памеры каля 12 млрд еўра. Гэтыя страты, паводле заявы беларускага боку, узніклі пасля таго, як у лютым 2022 года Літва спыніла транзіт угнаенняў, які павінен быў працягвацца да канца 2023 года.

Яшчэ 287,4 тысячы еўра выдзяляюцца на спрэчку са швейцарскай кампаніяй Hasenberg, падкантрольнай бізнесмену Ігару Удавіцкаму. Кампанія валодае 65% акцый тэрмінала насыпных грузаў у Клайпедскім порце. Праз арбітраж Hasenberg спрабуе даказаць, што санкцыі ЕС не павінны былі блакіраваць працу прадпрыемства, спасылаючыся на двухбаковае пагадненне паміж Літвой і Швейцарыяй аб абароне інвестыцый.

Агульная сума, ужо выдзеленая Літвой на юрыстаў па справе «Беларуськалія», перавысіла 1 млн еўра, а па справе Hasenberg — каля 319 тысяч еўра.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!