Фото: www.kariuomene.lt
Літоўскія вайскоўцы падключыліся да барацьбы з гібрыднымі атакамі. Задзейнічаны сотні вайскоўцаў. Пра гэта расказаў дырэктар аддзела стратэгічных камунікацый Узброеных сіл краіны палкоўнік Лютаўрас Багачунас.
«Мы не можам падрабязна апісваць кожную задачу, таму што гаворка ідзе пра барацьбу з гібрыднымі атакамі. Колькасць салдат, непасрэдна задзейнічаных у мірных аперацыях на месцах, вымяраецца сотнямі, але самае важнае — не колькасць, а задачы, якія гэтыя салдаты могуць выканаць сваімі сіламі. Да гэтага часу нам, натуральна, задаюць пытанні пра тое, як прасоўваюцца задачы, колькі паветраных шароў збіта, таму можна сказаць, што на кожны яд рана ці позна з’яўляецца проціяддзе, але мы, салдаты, цяпер хочам менш гаварыць і многа працаваць над гэтай тэмай.
Аднак я хачу падкрэсліць, што гэтым наступам рэжым Лукашэнкі дасягае эфекту, якога яны самі не чакалі — узаемадзеянне і ўзаемны давер паміж інстытутамі растуць з кожным днём і гадзінай, што з’яўляецца неабходнай умовай для ўстойлівасці дзяржавы або, калі неабходна, для яе ўзброенай абароны. Іншымі словамі, працуючы з гэтым гібрыдным наступам, мы толькі становімся мацнейшымі», — сказаў ён.
На гэтым тыдні ў Літве быў уведзены рэжым надзвычайнай сітуацыі з-за метэазондаў кантрабандыстаў. Ён спрашчае каардынацыю паміж сілавымі ведамствамі, а таксама пашырае магчымасці для выканання задач вайскоўцамі.
Паводле інфармацыі Узброеных сіл Літвы, цяпер яны выконваюць чатыры задачы мірнага часу. З канца ліпеня вайскоўцы батальёна ППА ВПС выконваюць задачы супрацьпаветранай абароны ў асобных раёнах уздоўж літоўскай мяжы з Беларуссю. На дадзены момант завяршэнне задачы запланавана на люты, аднак знаходжанне вайскоўцаў у адзначаных раёнах можа быць працягнута.
Вайскоўцы таксама падключыліся да барацьбы з кантрабандыстамі. Гэтая задача выконваецца з пачатку снежня. Узброеныя сілы аказваюць падтрымку ў патруляванні, вызначэнні месцаў пасадкі паветраных шароў і аперацыях па затрыманні кантрабандыстаў.
Трэцяя задача — назіранне за паветранай прасторай і ранняе папярэджанне для Віленскага аэрапорта.
«Нарэшце, ёсць задача супрацьпаветранай абароны, звязаная з паветранымі шарамі з Беларусі. Гэтыя мэты можна збіць сродкамі ППА, але гэта ўяўляе велізарную рызыку для насельніцтва ў зоне аперацыі і абыходзіцца занадта дорага. Таму падчас кожнага палёту паветранага шара Узброеныя сілы Літвы выпрабоўваюць іншыя сродкі процідзеяння ў рэальных умовах, якія былі б адэкватнымі з пункту гледжання вышэйзгаданых рызык», — дадалі ў прэс-службе Узброеных сіл.