Фото: VSAT
Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы ў 2025 годзе затрымала 1288 мігрантаў, якія прыбылі з Латвіі і перад гэтым незаконна перасеклі беларуска-латвійскую мяжу. У далейшым яны спрабавалі дабрацца праз Літву і Польшчу ў краіны Заходняй Еўропы.
Літоўскія памежнікі канстатуюць больш чым двухразовы рост другаснай міграцыі. У 2024 годзе было затрымана 540 такіх мігрантаў.
“Большасць затрыманых падчас другаснай міграцыі з Латвіі заявілі літоўскім памежнікам, што яны легальна прыбылі ў Расію самалётам са сваіх краін паходжання, маючы сапраўдныя праязныя дакументы. Адтуль мігранты на аўтамабілях дабраліся да Беларусі і з дапамогай суправаджальнікаў незаконна перасеклі мяжу з Латвіяй. Там іх у загадзя ўзгодненым месцы чакалі людзі, якія павінны былі даставіць іх у краіны прызначэння.
Некаторыя з затрыманых таксама ўказалі маршрут са сваіх краін паходжання праз Аб’яднаныя Арабскія Эміраты або Турцыю непасрэдна ў Беларусь”, — гаворыцца ў паведамленні літоўскіх памежнікаў.
Трэба адзначыць, што рост колькасці затрыманых можа быць звязаны ў тым ліку з аднаўленнем кантролю з боку Польшчы на мяжы з Літвой. У паведамленні САДМ гаворыцца, што 825 чалавек былі затрыманыя літоўскімі службоўцамі, а 436 — польскімі. Найчасцей затрымліваліся грамадзяне Самалі (459 чалавек) і Афганістана (162). 17% мігрантаў уцяклі з латвійскіх цэнтраў размяшчэння для замежнікаў — раней яны падалі прашэнне аб наданні прытулку ў Латвіі.
За мінулы год таксама былі ўзбуджаны 85 спраў па фактах перавозкі мігрантаў, затрыманы 101 падазраваны. У тым ліку за перавозку мігрантаў затрымліваліся грамадзяне Украіны (26), Латвіі (24), Літвы (17), Эстоніі (11) і іншых краін.
У паведамленні таксама адзначаецца, што ў 2025 годзе латвійская памежная служба зарэгістравала 12 тыс. спроб парушэння мяжы, што ў 2,3 раза больш, чым у 2024 годзе.