Фото: Департамент госбезопасности Литвы
Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы заяўляе пра правакацыю ў адносінах да літоўскіх грамадзян. З імі звязваюцца ад імя ДДБ, прапануюць прыехаць у Беларусь і запусціць адтуль метэазонд у Літву.
«У апошнія тыдні ў сацыяльнай платформе Telegram асобы, якія выдаюць сябе за супрацоўнікаў Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі, прапануюць людзям заробак у абмен на іх згоду выканаць нібыта заданне літоўскай разведкі — прыехаць у Беларусь і з яе тэрыторыі запусціць кантрабандны аэростат у Літву», — паведамляе ДДБ.
ДДБ мяркуе, што аўтарамі і выканаўцамі гэтай аперацыі з’яўляюцца беларускія спецслужбы.
«Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі звяртае ўвагу, што такія дзеянні з’яўляюцца грубай правакацыяй супраць нашай дзяржавы. Падобнымі ініцыятывамі беларускі рэжым імкнецца стварыць бачнасць, што літоўская разведка сама арганізуе і ініцыюе гібрыдную атаку супраць Літвы, якая працягваецца ўжо больш за месяц», — заяўляе ДДБ.
Літоўская разведка папярэджвае, што грамадзяне Літвы, якія пагодзяцца на такую прапанову, рызыкуюць стаць інструментамі прапаганды беларускага рэжыму, а пры выездзе ў Беларусь могуць быць затрыманыя КДБ.
ДДБ заклікае не паддавацца на правакацыі і паведамляць пра спробы вербоўкі.
Нагадаем, сёння Літва абвясціла надзвычайную сітуацыю ў сувязі з запускам метэазондаў з тэрыторыі Беларусі.