Ліквідацыя Міністэрства інфармацыі, самарэгуляванне, спрашчэнне акрэдытацыі — БАЖ прэзентуе канцэпцыю рэформаў медыясектара Беларусі

Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) прадставіць канцэпцыю рэформаў медыясектара Беларусі, распрацаваную экспертамі на выпадак адкрыцця акна магчымасцяў для зменаў. Прэзентацыя праходзіць сёння ў Вільні.

Як адзначылі ў БАЖ, канцэпцыя ўключае некалькі ключавых напрамкаў. Сярод іх — ліквідацыя Міністэрства інфармацыі, укараненне механізмаў самарэгулявання для медыя, пераход ад абавязковай рэгістрацыі СМІ да апавяшчальнай сістэмы і спрашчэнне акрэдытацыі замежных СМІ.

Таксама ў праекце рэформаў прадугледжана рэарганізацыя дзяржаўных СМІ: заканадаўчая забарона на валоданне СМІ дзяржаўнымі органамі, празрыстыя працэдуры прыватызацыі і ліквідацыі, а таксама стварэнне інстытута грамадскага вяшчальніка з адпаведнай нарматыўна-прававой базай.

Фінансавую падтрымку СМІ з боку дзяржавы прапануецца будаваць на адкрытай сістэме грантаў і падатковых ільгот, а заканадаўства аб свабодзе выказвання плануецца рэфармаваць для скасавання рэпрэсіўных нормаў і забеспячэння абароны свабоды слова і медыя.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!