Латвія збіраецца забараніць імпарт кніг і цацак з Беларусі

Латвія плануе забараніць увоз у краіну шэрагу тавараў, вырабленых у Беларусі і Расіі. Адпаведныя папраўкі да закона аб падтрымцы грамадзянскага насельніцтва Украіны, прапанаваныя МЗС Латвіі, сёння падтрымала ўрад. Канчатковае рашэнне будзе прынята Сеймам, паведамляе Delfi.

У спіс тавараў, забароненых да імпарту, увойдуць кнігі, газеты, відэагульні, спартыўныя тавары, адзенне, абутак і цацкі беларускай або расійскай вытворчасці.

Латвія імпартуе гэтых тавараў на 12,5 млн еўра за год. Яны складаюць 6,5% ад усяго імпарту з Беларусі і Расіі і 0,05% ад агульнага аб’ёму імпарту ў Латвію.

Абмежаванні не будуць распаўсюджвацца на транзіт такіх тавараў праз Латвію ў ЕС.

«Законапраект прадугледжвае забарону на імпарт прамысловых тавараў, якія не ўключаны ў пералік абмежавальных мер Еўрапейскага саюза (ЕС). Краіны-агрэсары імкнуцца максімальна павялічыць экспарт сваёй прамысловай прадукцыі, прапаноўваючы яе па больш нізкіх цэнах, што негатыўна ўплывае на даходы і дабрабыт вытворцаў ЕС, у тым ліку Латвіі. Гэта стварае эканамічныя пагрозы для Латвіі як прыгранічнай дзяржавы», — лічыць МЗС Латвіі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!