Латушка звярнуўся ў Еўрапейскую службу знешніх дзеянняў у сувязі з праблемай з банкаўскімі рахункамі беларусаў

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка звярнуўся ў Еўрапейскую службу знешніх дзеянняў (ЕСЗД) для вырашэння праблемы з адкрыццём банкаўскіх рахункаў для грамадзян Беларусі ў ЕС, паведамляе АПК.

Грамадзяне Беларусі, якія чакаюць рашэння па ВНЖ, сутыкаюцца з перашкодамі пры адкрыцці і выкарыстанні банкаўскіх рахункаў. Сітуацыя ўскладнілася пасля прыняцця «консульскага ўказа», які забараняе беларусам атрымліваць і абнаўляць пашпарты за межамі Беларусі.

У шэрагу краін ЕС працэс атрымання і падаўжэння віду на жыхарства, у тым ліку праз працэдуры міжнароднай абароны, займае ад 6 да 24 месяцаў. Увесь гэты час чалавек знаходзіцца ў краіне легальна на падставе штампа, часовага пасведчання або іншага дакумента, які пацвярджае падачу заявы, але не мае карты ВНЖ. Банкі, якія празмерна асцярожна трактуюць правілы, блакуюць карты і доступ да банкаўскіх сэрвісаў.

Латушка падкрэсліў, што такая практыка супярэчыць гуманітарным прынцыпам ЕС і палажэнням Дырэктывы аб плацежных рахунках, якая гарантуе права на базавы плацежны рахунак усім законным рэзідэнтам ЕС.

Латушка прапанаваў ЕСЗД:

  • выпусціць афіцыйныя тлумачэнні, якія пацвярджаюць, што асобы, якія чакаюць атрымання ВНЖ або міжнароднай абароны і маюць адпаведныя дакументы ад нацыянальных уладаў, павінны разглядацца нароўні з асобамі, якія ўжо атрымалі дазвол на пражыванне;
  • прызнаць праязны дакумент замежніка і часовае пасведчанне асобы замежніка дастатковай падставай для вызвалення ад абмежаванняў;
  • рэкамендаваць банкам не абмяжоўваць доступ да мабільных дадаткаў і плацежных інструментаў на перыяд чакання дакументаў, калі законнасць знаходжання чалавека ў краіне афіцыйна пацверджана.
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!