Павел Латушко. Фото: t.me/CabinetBelarus
Намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі, кіраўнік НАУ Павел Латушка паўторна накіраваў зварот старшыні Камісіі фінансавага нагляду Польшчы (KNF) Яцэку Ястшэмбскаму. Ён папрасіў адрэагаваць на сітуацыю з праблемамі адкрыцця банкаўскіх рахункаў грамадзянам Беларусі, якія пражываюць у Польшчы.
Палітык адзначыў, што нягледзячы на тлумачэнні KNF ад 26 студзеня 2026 года, Millennium Bank працягвае адмаўляць беларусам у адкрыцці рахункаў на падставе часовага пасведчання асобы замежніка (TZTC). У лісце ён прывёў канкрэтныя аддзяленні банка, дзе фіксаваліся адмовы. Аналагічныя выпадкі назіраюцца і ў іншых банках.
Акрамя таго, шэраг банкаў, уключаючы PKO Bank Polski, з кастрычніка 2025 года блакуе доступ да электроннага і мабільнага банкінгу, картак і анлайн-плацяжоў для беларусаў, якія легальна знаходзяцца ў ЕС. Гэта абмяжоўвае магчымасць грамадзян распараджацца ўласнымі сродкамі, заробкамі і стыпендыямі.
У звароце падкрэсліваецца, што такія меры не прадугледжаныя санкцыйным заканадаўствам ЕС і з’яўляюцца over-compliance. Латушка заклікаў KNF правесці дадатковыя тлумачэнні для банкаў і забяспечыць доступ беларусаў да фінансавых паслуг. Да ліста было прыкладзена юрыдычнае заключэнне з аналізам сітуацыі і прапановамі па яе вырашэнні.
Праблема таксама абмяркоўвалася 3 лютага ў Варшаве на сустрэчы Латушкі з прадстаўнікамі Еўрапейскай камісіі і Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў. Беларускі палітык перадаў зварот Генеральнаму дырэктарату па фінансавай стабільнасці, фінансавых паслугах і саюзе рынкаў капіталу (FISMA) з просьбай даць тлумачэнні еўрапейскім банкам адносна апошняга пакета санкцый ЕС супраць рэжыму Лукашэнкі.
У лісце ўдакладняецца, што новыя абмежаванні былі накіраваныя супраць рэжыму Лукашэнкі і звязаных з ім структур, але на практыцы некаторыя банкі тлумачаць іх занадта шырока, блакуючы доступ прыватных асоб да банкаўскіх паслуг.
У выніку беларусы, не звязаныя з рэжымам, якія легальна працуюць або вучацца ў ЕС, пазбаўляюцца базавых фінансавых сэрвісаў і магчымасці распараджацца заробкамі і стыпендыямі. У сувязі з гэтым прапануецца выпусціць тлумачэнне або ўнесці кропкавыя змены ў рэгламент ЕС, каб гарантаваць доступ да рознічных банкаўскіх паслуг грамадзянам Беларусі, паведамілі ў прэс-службе АПК.