Латушка заклікаў Сібігу займаць цвёрдую пазіцыю па транзіце беларускага калію ў перамовах з ЕС
Рэдакцыя Reform.news · 29 верасня 2026, 09:31
https://reform.news/be/latushka-zaklika-sibigu-zajmac-cvjorduju-pazicyju-pa-tranzice-belaruskaga-kaliju-peramovah-z-es/Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка накіраваў афіцыйны зварот на адрас міністра замежных спраў Украіны Андрэя Сібігі. Ён заклікаў займаць цвёрдую пазіцыю па пытаннях, звязаных з беларускім каліем, у санкцыйных перамовах з Еўрасаюзам.
«Беларуськалій» выступае непасрэдным інстытуцыйным, фінансавым і лагістычным удзельнікам супрацьпраўнага механізму сістэматычнага вывазу ў Беларусь, размяшчэння і ідэалагічнай індактрынацыі ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны», — адзначыў Латушка.
У звароце ён указаў, што паводле даных НАУ на тэрыторыю Беларусі было перамешчана не менш за 3,5 тыс. украінскіх дзяцей. Больш за 2 тыс. дзяцей былі адпраўленыя ў дзіцячы аздараўленчы лагер «Дубрава» ў Салігорскім раёне, які знаходзіцца на балансе «Беларуськалія».
Латушка нагадаў, што НАУ ў 2023 годзе перадало ў МУС інфармацыю аб здзяйсненні адпаведных злачынстваў. Генпракуратуры Украіны і Літвы распачалі расследаванні ў межах сваіх юрысдыкцый, падчас якіх Павел Латушка і прадстаўнікі каманды НАУ далі сведкавыя паказанні.
У звароце Павел Латушка заклікаў міністра замежных спраў Украіны:
- Займаць цвёрдую пазіцыю ў дыялогу з міжнароднымі партнёрамі і інстытутамі Еўрасаюза, актыўна процідзейнічаючы любым ініцыятывам па змякчэнні, адмене або ўвядзенні выключэнняў у дачыненні да экспарту і транзіту беларускіх калійных угнаенняў у ЕС.
- Улічваць факты непасрэднага ўдзелу «Беларуськалія», яго інфраструктуры і службовых асоб у супрацьпраўнай дэпартацыі дзяцей пры ўзгадненні новых пакетаў міжнародных абмежавальных мер.
- Увязваць любыя будучыя дыскусіі пра статус беларускага калійнага сектара з поўным спыненнем удзелу рэжыму Беларусі ў агрэсіі і ваенных злачынствах Расіі, а таксама поўным і неадкладным вяртаннем усіх незаконна перамешчаных украінскіх дзяцей і прыцягненнем вінаватых асоб да міжнародна-прававой адказнасці.
У АПК таксама адзначылі, што 25 верасня падчас сустрэчы з дэлегацыяй Дзярждэпартамента ЗША Латушка перадаў факты фінансавання «Беларуськаліем» і ўдзелу кіраўніцтва «Беларуськалія» ў незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Беларусь.
