Скриншот видео
Павел Латушка прапаноўваў унесці дранікі ў спіс культурнай спадчыны ЮНЕСКА яшчэ калі быў пастаянным прадстаўніком Беларусі пры гэтай арганізацыі, але яго ідэю тады не падтрымалі. Пра гэта ён расказаў у праграме “Ператром з Халезіным” восенню мінулага года. Сёння ж у прэс-службе ўрада заявілі, што Міністэрства культуры да канца сакавіка накіруе прапанову ў ЮНЕСКА аб унясенні ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва страў з цёртай бульбы.
“Я памятаю, што, будучы пастаянным прадстаўніком Беларусі пры ЮНЕСКА, я напісаў ліст у Міністэрства культуры з ідэяй давайце ўнясём у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА нашу нацыянальную страву дранікі”, – сказаў Латушка.
Паводле яго слоў, у спісе ўжо былі французскі багет, італьянская піца.
Ну, чым мы горшыя, беларусы? І што вы думаеце? Я атрымаў адказ ад Яцко, такі быў намеснік міністра культуры, ён прыйшоў з Камітэта дзяржаўнага кантролю, і ён мне адказаў. Вы ведаеце, вельмі доўга адказвалі, увогуле дранікі належаць не толькі беларусам, яны належаць немцам, шведам, літоўцам, палякам. Мы не лічым мэтазгодным”, – узгадаў Павел Латушка.
Паводле яго слоў, ён быў абураны і нават падумаў перадаць ліст Аляксандру Лукашэнку.
“Я, шчыра кажучы, няхай мяне гледачы прабачаць, я падумаў, а што, калі я Лукашэнку гэты ліст перадам? Як ён ацэніць, што намеснік міністра культуры сядзіць і кажа: дранікі ўвогуле — гэта не наша. Але, дарэчы, якая формула атрымліваецца: калі ты ўносіш у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА што-небудзь, эксперты могуць патэлефанаваць у любую беларускую сям’ю, у любую сям’ю і спытаць: у вашай кухні прысутнічаюць дранікі.
Вось няхай гледачы адкажуць, паставяць лайкі. Калі ў вашай кухні рэгулярна прысутнічаюць дранікі, вам могуць патэлефанаваць з ЮНЕСКА і сказаць: А вы гатуеце дранікі? А як часта вы гатуеце? А якія рэцэпты? Калі гэта пацвярджаецца, значыць, гэта сапраўды нацыянальная страва”, – растлумачыў Латушка.