Фото: pixabay.com
Беларускія ўлады прапануюць унесці беларускія дранікі і бабку ў спіс культурнай спадчыны ЮНЕСКА.
Прэзідыум Савета міністраў вызначыў гісторыка-культурную каштоўнасць «Стравы з таркаванай бульбы — традыцыі прыгатавання і ўжывання ў Беларусі», якая можа ўвайсці ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва. Міністэрства культуры накіруе прапанову ў ЮНЕСКА да канца сакавіка.
«Гэта будзе садзейнічаць пашырэнню інфармацыі пра Беларусь як дзяржаву, у якой захоўваюцца нацыянальныя культурныя традыцыі, а таксама павелічэнню турыстычнай прывабнасці краіны і развіццю гастранамічнага турызму», — адзначае прэс-служба беларускага ўрада.
Традыцыі прыгатавання страў з таркаванай бульбы (дранікаў, бульбяных бліноў і бабкі) прадстаўлены ва ўсіх шасці абласцях і з 2022 года ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі (зафіксавана больш за 370 носьбітаў з 73 раёнаў і 235 народных рэцэптаў страў з таркаванай бульбы).
Цяпер у спісах нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА налічваецца 7 беларускіх элементаў.