Фото: t.me/CabinetBelarus
Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка накіраваў санкцыйныя прапановы Упаўнаважанаму прэзідэнта Украіны па санкцыйнай палітыцы Уладзіславу Уласюку і МЗС Украіны. Як паведамілі ў прэс-службе АПК, гэта стала працягам дамоўленасцей, дасягнутых падчас сустрэч у Кіеве 25 мая.
Сярод прапаноў — увядзенне санкцый супраць чатырох галоўных дзяржаўных медыя Беларусі, якія дагэтуль пазбягалі абмежаванняў: АНТ, СТБ, выдавецкага дома «Беларусь сёння» і БелТА. У НАУ заяўляюць, што гэтыя пляцоўкі сістэматычна распальваюць нянавісць да Украіны і прадастаўляюць эфір прарасійскім калабарантам з Украіны — Мікалаю Азараву, Арцёму Дзмітруку, Дыяне Панчанка. У чорны спіс таксама прапанавана ўнесці прозвішчы 22 прапагандыстаў.
Украінскаму боку перададзены таксама спісы суддзяў, кіраўніцтва адміністрацыі Лукашэнкі і супрацоўнікаў турмаў, адказных за рэпрэсіі супраць беларусаў, якія падтрымалі Украіну. Паводле даных НАУ, больш за 200 беларускіх палітычных зняволеных адбываюць тэрміны менавіта за салідарнасць з Украінай.
Па выніках сустрэчы з міністрам замежных спраў Украіны Андрэем Сібігам таксама ўнесены прапановы аб увядзенні абмежаванняў супраць інстытутаў і асоб, звязаных з Саюзнай дзяржавай.
«Менавіта ў рамках гэтага аб’яднання каардынавалася ваеннае ўварванне ва Украіну ў 2022 годзе, зацвярджалася размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі, а таксама афіцыйна фінансавалася і арганізоўвалася незаконная дэпартацыя ўкраінскіх дзяцей у Беларусь», — заяўляюць прадстаўнікі дэмсіл.
«Пазбаўленне рэжыму Лукашэнкі эканамічных і палітычных рэсурсаў наўпрост уплывае на яго здольнасць падтрымліваць агрэсію Расіі супраць Украіны і ажыццяўляць рэпрэсіі ўнутры краіны», — падкрэсліў Латушка.
Усяго ўнесена 11 пакетаў прапаноў з абгрунтаваннямі для ўвядзення санкцый супраць прадпрыемстваў, чыноўнікаў, суддзяў, кіраўнікоў прадпрыемстваў ВПК і прапагандысцкіх структур.