Ландсбергіс: Ціханоўская — сапраўдны баец, яе легітымнасць забяспечаная

Былы міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс заявіў, што вітае рашэнне Польшчы надаць прытулак кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Святлане Ціханоўскай і выступіў з крытыкай адмовы літоўскага ўрада ад далейшай ключавой ролі ў забеспячэнні яе бяспекі.

Ён нагадаў, што Ціханоўская прыехала ў Літву ў 2020 годзе і адразу ўключылася ў працу. Паводле яго слоў, за гады сумеснай працы ён убачыў у ёй «сапраўднага байца», які не адступаў ад мэты.

«Я рады, што Святлане Ціханоўскай прапанавалі прытулак у Польшчы, але мне сумна, што літоўскі ўрад вырашыў адмовіцца ад гэтай важнай ролі. Святлана прыехала ў Літву ў 2020 годзе і адразу ж прыступіла да працы. Мне выпала гонар працаваць з ёй, і я ўбачыў у ёй сапраўднага байца. Яна ніколі не здавалася, ніколі не баялася, заўсёды была засяроджаная на сваёй мэце — свабодзе свайго народа», — напісаў ён у Facebook.

На сваім сайце былы кіраўнік літоўскага знешнедыпламатычнага ведамства апублікаваў тэкст пад назвай «Дзякуй, Святлана Ціханоўская».

Ён нагадаў пра леташняе рашэнне літоўскага ўрада змяніць рэжым аховы Ціханоўскай.

«Гэта рашэнне стала шокам не толькі для тых, хто падтрымліваў барацьбу Святланы за дэмакратыю, але і для тых, хто клапоціцца пра будучыню самой дэмакратыі ў сённяшнім свеце, які разбураецца. (…) Я, як і многія, адчуў сябе здраджаным і абураным. Гэта рашэнне паставіла пад пагрозу бяспеку Святланы. Амаль адразу ж з’явіліся паведамленні пра ўзмацненне пагрозы для яе і яе сям’і. Ніколі не было сумненняў у тым, што яна была і застаецца мішэнню для беларускага дыктатара Лукашэнкі», — заявіў Ландсбергіс.

«Яе словы і паездкі ўяўляюць пагрозу для яго самапрызначанай легітымнасці. Палітычная дзейнасць Святланы штодзённа нагадвае яму пра тое, што ён украў выбары, што ён незаконна займае пасаду, якая павінна належаць Святлане Ціханоўскай. Вядома, ён хацеў бы, каб яна з’ехала. Ахова была адноўлена на некалькі месяцаў, але ў снежні была канчаткова адмененая. І усяго пару дзён таму было абвешчана, што Святлана Ціханоўская пераязджае ў Польшчу», — дадаў ён.

Экс-міністр прывітаў прапанову Польшчы аб прытулку для лідаркі дэмакратычных сіл і адзначыў, што падтрымка з боку еўрапейскай краіны і чальца НАТА мае вырашальнае значэнне для яе легітымнасці як прадстаўніцы дэмакратычнай Беларусі.

«Без бяспечнай краіны ў якасці прытулку Лукашэнка атрымаў бы аргумент, што еўрапейцы адвернуліся ад Святланы. Гэтага выніку ўдалося пазбегнуць, што з’яўляецца выдатнай навіной для беларускай дэмакратыі. Яе легітымнасць забяспечаная і, што самае важнае, яна ў бяспецы», — падкрэсліў ён.

«Я не буду ўдавацца ў падрабязнасці палітыкі маёй краіны. Я ўжо пісаў пра гэта раней. Гэты тэкст не пра гэта. Гэты тэкст — падзячны ліст Святлане Ціханоўскай», — гаворыцца ў тэксце.

Ландсбергіс адзначае, што дзейнасць Святланы Ціханоўскай у імкненні да дэмакратыі ў Беларусі «ніколі не была лёгкай». Аднак, паводле яго слоў, яна стала «голасам вольнага беларускага народа», а яе праца ўмацавала міжнародны імідж Літвы.

«Былі заходнія палітыкі, якіх трэба было пераконваць, беларусы, якія не заўсёды былі гатовыя давяраць яе лідарству, але я бачыў, як яна нястомна пераконвала заходнія сталіцы не адварочвацца ад бядотнага становішча беларускага народа. Я быў сведкам таго, як яна стварала кааліцыі ўнутры беларускай апазіцыі. Яна ніколі не прапускала ніводнай канферэнцыі або сустрэчы. Заўсёды быў голас вольнага беларускага народа, які трэба было пачуць. І гэтым голасам была яна», — падкрэсліў ён.

Ландсбергіс выказаў упэўненасць, што місія Ціханоўскай будзе працягнутая ў Еўропе, і пажадаў ёй поспехаў у далейшай дзейнасці. Ён падкрэсліў, што яе ўнёсак застанецца значным не толькі для Беларусі, але і для ўмацавання дэмакратычных каштоўнасцяў у рэгіёне.

«Я хачу верыць, што дэмакратыя пераможа ў будучыні. Я веру ў гэта не толькі дзеля Беларусі або іншых прыгнечаных сёння народаў, але і дзеля сваёй краіны. Будучыня нявызначаная для ўсіх нас. Яна дала мне надзею, што калі мы пачнём барацьбу, калі не здадзімся, калі будзем падтрымліваць адзін аднаго, у нас ёсць шанец перамагчы. І ўрок — мы сапраўды прайграем толькі ў тым выпадку, калі здадзімся», — заявіў ён.

«І кожны раз, куды б яна ні ехала, яна з удзячнасцю згадвала Літву. Пасля яе выступлення ў парламенце адной еўрапейскай краіны высокапастаўлены дыпламат з гэтай краіны пажартаваў, што ў асобе Святланы мы маем неацэннага літоўскага пасла. Пасля яе прамовы члены гэтага парламента думалі не толькі пра народ Беларусі, але і пра маю краіну, Літву.

Гэтая глава ў гісторыі маёй краіны падыходзіць да канца. Я рады, што яна будзе працягнутая ў Еўропе, у Польшчы, для Святланы і для змагароў за дэмакратыю ва ўсім свеце. Я ўдзячны за гэта, жадаю ёй усяго найлепшага ў яе далейшай місіі для Беларусі і буду вечна ўдзячны за ўсё, што яна зрабіла для Літвы», — дадаў былы кіраўнік літоўскага МЗС.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!