Кватэру ў “Маяку Мінска” Мельнікавай “прадалі” няісныя асобы

“Кіберпартызаны” і “Зеркало” праверылі звесткі пра былых уладальнікаў кватэры ў “Маяку Мінска” на вуліцы Пятра Мсціслаўца, якая ў студзені была аформлена на пашпартныя дадзеныя Анжалікі Мельнікавай.

Раней “Зеркало” напісала, што атрымала звесткі аб афармленні ў верасні 2025 года і ў студзені 2026 года на імя зніклай Анжалікі Мельнікавай дзвюх кватэр у Мінску: на вуліцы Пятра Мсціслаўца і праспекце Любімава.

Як паведамляюць “Кіберпартызаны”, кватэрай на праспекце Любімава да здзяйснення здзелкі валодаў рэальны чалавек. А вось з кватэрай на Пятра Мсціслаўца ёсць дзіўнасці.

16 мая мінулага года кватэра была прададзена на імя Ангеліны Радзівонавай 1990 года нараджэння. Пашпарт быў аформлены за 3 дні да здзелкі. “Кіберпартызаны” паведамляюць, што такога чалавека сярод грамадзян Беларусі насамрэч не існуе.

20 жніўня гэтую кватэру прадалі Аляксею Чалаеву 1991 года нараджэння. Такога чалавека таксама не існуе. “Кіберпартызаны” на падставе наяўных дадзеных мяркуюць, што гэта пашпарт прыкрыцця Аляксея Лабеева — агента контрразведкі КДБ, які неаднаразова сустракаўся з Мельнікавай. Ужо ад Чалаева кватэра перайшла Мельнікавай.

Пашпарт на імя Чалаева таксама фігуруе ў некаторых дзяржаўных дакументах разам з іншым пашпартам прыкрыцця на імя VASILI KAICHANKA 1981 г. н., які належыць агенту контрразведкі КДБ. Васілій разам з Лабеевым прыязджаў на Шры-Ланку ў 2024 годзе, калі туды ж прылятала Анжаліка Мельнікава.

“Такім чынам, верагодна, кватэру Анжаліцы Мельнікавай на вуліцы Пятра Мсціслаўца па падстаўных дакументах перааформіў сам Аляксей Лабееў. А раней ён, у сваю чаргу, атрымаў яе ад іншай падстаўной асобы”, – мяркуюць “Кіберпартызаны”.

Да двух падстаўных асоб кватэрай больш за дзесяць гадоў валодаў рэальны чалавек. Журналістка “Зеркала” звязалася з ім, але той адмовіўся размаўляць.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!