Кубракоў заявіў, што ў 2020 годзе сілавікі выкарысталі толькі трэць рэсурсаў і прыгразіў задзейнічаць увесь патэнцыял

Кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Іван Кубракоў заявіў, што ў 2020 годзе сілавікі выкарысталі толькі трэць наяўных рэсурсаў, і паабяцаў надалей дзейнічаць рашуча. Пра гэта ён заявіў, адкрываючы камандна-штабныя вучэнні ў Брэсце.

“У рамках маштабных вучэнняў падобныя мерапрыемствы ўжо праведзены ў Мінску, сёння праверка чакае Брэст. Задача — ацаніць здольнасць аператыўна-сітуацыйнага штаба УУС і падраздзяленняў рэгіёна дзейнічаць у асаблівых умовах. Усе выдатна памятаюць сітуацыю 2020 года, якія былі праблемы ў вобласці, у тым ліку ва ўзаемадзеянні паміж дзяржаўнымі органамі”, — прыводзіць яго словы прэс-служба МУС.

Ён нагадаў патрабаванне Аляксандра Лукашэнкі аб недапушчэнні падобных падзей і нацэліў спыняць “любыя пагрозы ў зародку, працаваць на апярэджанне”.

“Неабходна быць гатовымі да любога сцэнару, выразна і зладжана выконваць задачы, якія стаяць перад сілавым блокам. Гэта ўстаноўка датычыцца ўсіх напрамкаў: і супрацьдзеяння масавым беспарадкам, і вызвалення захопленых будынкаў. Таму сёння адпрацуем шмат розных уводных. Вызначым неабходныя разлікі і паглядзім на рэагаванне ў змадэляваных сітуацыях: захоп гандлёвага цэнтра, блакіроўка вуліцы ў горадзе, масавыя беспарадкі”, — заявіў кіраўнік ведамства.

Ён таксама падкрэсліў недапушчальнасць прымянення гвалту ў дачыненні да сілавікоў.

“Як толькі бачым парушэнне закона — рэакцыя павінна быць неадкладнай! Ні ў якім разе нельга дапусціць якога-небудзь уздзеяння на супрацоўнікаў. Трэба задзейнічаць увесь патэнцыял, якога ў нас дастаткова. У 2020 годзе выкарыстоўвалася толькі трэць наяўных рэсурсаў. Усе павінны разумець — мы будзем дзейнічаць рашуча”, — запэўніў Кубракоў.

Ён даручыў падняць па трывозе дзяжурныя групы спецпадраздзялення па барацьбе з тэрарызмам “Алмаз” і асобнага атрада спецназу ўнутраных войскаў МУС “Беркут”, пры гэтым мець неабходнае рыштунак для зачысткі будынка гандлёвага цэнтра, спецсродкі для працы на вышыні.

Кіраўнік МУС падвёў вынікі тэарэтычнага этапу КШУ, паставіў задачы па адпрацоўцы практычнай часткі і раскрытыкаваў шэраг кіраўнікоў на месцах, “даручыўшы дапрацаваць і пераправерыць наяўныя планы дзеянняў у асаблівых умовах”.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!