Иллюстративное фото. ЗРК Patriot. Фото: John Hamilton, Army/defense.gov
Украіна прапануе абмяняць свае дроны-перахопнікі «Шахедаў» на ракеты для ЗРК Patriot. Пра гэта на брыфінгу заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
Зяленскі адзначыў, што за першыя тры дні баявых дзеянняў краіны Блізкага Усходу выкарысталі больш ракет для Patriot, чым Украіна за чатыры гады вайны.
«Паміж намі кажучы, ракет PAC-3 на Блізкім Усходзе ў цэлым выкарысталі каля 800+ ракет падчас гэтых атак. Ва Украіны ніколі не было за ўвесь гэты час столькі ракет для адбіцця ўдараў. За гэтыя трое сутак было 800+ ракет.
Зразумела, што першыя суткі — яны шокавыя для краін Блізкага Усходу. Гэта зразумела чаму: мы ўсе памятаем масавыя ўдары «Шахедаў». І падчас такіх шокавых удараў, зразумела, усе выкарыстоўвалі ўсё, што было: PAC-2, PAC-3. То бок тут пытанне ў тым, што няма адпаведнага досведу. Зараз досвед ужо ёсць. Усе разумеюць, што Patriot будзе недастаткова», — заявіў Зяленскі.
Украіна хоча атрымаць ракеты для Patriot, а ўзамен перадаць перахопнікі «Шахедаў».
«Мы б хацелі ціха з краінамі, якія можна называць, і з краінамі, якія нельга называць, атрымаць дэфіцыт для сябе, гэтыя ракеты для Patriot, і перадаць адпаведную колькасць перахопнікаў», — сказаў прэзідэнт Украіны.
Паводле слоў Зяленскага, ён правёў адпаведныя кансультацыі з украінскім ваенным кіраўніцтвам.
Украіна таксама гатова дзяліцца сваім досведам па барацьбе з беспілотнікамі і абароне інфраструктуры, у тым ліку нафтавай.