КР заклікала краіны ЕС садзейнічаць легалізацыі былых палітвязняў

Каардынацыйная Рада Беларусі выступіла з заявай, у якой вітала вызваленне 123 палітвязняў і выказала падзяку адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і Дзяржаўнага дэпартамента ЗША за намаганні, накіраваныя на выратаванне жыцця і здароўя людзей.

Аўтары таксама выказалі падзяку прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму і ўкраінскаму боку за прыём вызваленых беларусаў і аказаную ім падтрымку.

«Мы лічым важным працягваць практыку камунікацыі з мэтай вызвалення палітычных зняволеных пры адначасовым выкарыстанні інструментаў ціску на рэжым Лукашэнкі. Мы адзначаем, што рэжым Лукашэнкі чарговы раз ажыццявіў прымусовую дэпартацыю грамадзян Беларусі, пазбавіўшы іх права свабоднага выбару месца пражывання на тэрыторыі ўласнай краіны. Мы заклікаем нашых еўрапейскіх партнёраў даць гэтым дзеянням адпаведную міжнародна-прававую ацэнку», — заяўляюць яны.

Аўтары звярнуліся да краін ЕС з заклікам прыняць і садзейнічаць легалізацыі былых палітвязняў.

«Мы лічым прынцыпова важным працягваць намаганні, накіраваныя на вызваленне ўсіх палітычных зняволеных, незаконна ўтрыманых рэжымам Лукашэнкі, і забеспячэнне ім права далейшага пражывання ў Беларусі, а таксама на поўную рэабілітацыю як палітвязняў, так і ўсіх рэпрэсаваных беларусаў.

Мы таксама лічым важным дамагацца спынення рэпрэсій і дэкрыміналізацыі грамадска-палітычнага жыцця ў краіне, спынення экстэрытарыяльнага пераследу беларусаў, якія вымушана пакінулі тэрыторыю краіны, і пачатку дыялогу з беларускім грамадствам», — падкрэслілі яны.

Прадстаўнікі КР заклікалі краіны Еўразвязу дамагацца рэалізацыі падыходу, зафіксаванага ў Заключэнні Савета ЕС па Беларусі ад 24 лютага 2024 года, у прыватнасці пункта 5, які заклікае беларускія ўлады распачаць сапраўдны і інклюзіўны дыялог з усімі пластамі грамадства для правядзення свабодных і справядлівых выбараў пад наглядам АБСЕ/БДІПЧ і ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі.

Заява была прынята 16 снежня 2025 года. За яе аднагалосна прагаласавалі 40 дэлегатаў Каардынацыйнай Рады.

Нагадаем, 13 снежня былі вызвалены 123 палітвязні. З іх 114 чалавек вывезлі ва Украіну. Учора яны выехалі з Украіны і ноччу прыбылі ў Варшаву. Большасць былых палітвязняў засталася ў Польшчы, астатнія паехалі ў Літву.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!