Фото: БКК
Адной з тэм сустрэч спецпасланніка прэзідэнта ЗША па Беларусі Джона Коўла з прадстаўнікамі ўладаў Літвы і Латвіі быў магчымы транзіт беларускага калію праз краіны Балтыі. Пра гэта ён расказаў The New York Times.
Пасля перамоў у Мінску Коўл 16 верасня сустрэўся з прэзідэнтам Літвы Гітанасам Наўседам і прэм’ер-міністрам Міндаўгасам Сінкявічусам. Публічна літоўскі бок паведамляў галоўным чынам пра вызваленне палітвязняў і пытанні рэгіянальнай бяспекі.
“З беларускай сталіцы спадар Коўл на аўтамабілі накіраваўся ў Літву для правядзення перамоў з прэм’ер-міністрам Міндаўгасам Сінкявічусам, падчас якіх, як чакалася, асноўная ўвага будзе нададзеная санкцыям Еўрапейскага саюза ў дачыненні да беларускага калію, якія працягваюць дзейнічаць”, — гаворыцца ў матэрыяле NYT.
«Здзелка па калійных угнаеннях знаходзіцца на вельмі добрым этапе, і гэта дазволіць адгружаць калійныя ўгнаенні з Беларусі ў ЗША, чаго хоча прэзідэнт Трамп, — заявіў Коўл у каментары выданню. — Сёння я сустрэўся з прэзідэнтам Літвы, а заўтра сустрэнуся з прэзідэнтам Латвіі, каб усе былі на адной хвалі».
17 верасня Коўл сустрэўся ў Рызе з прэм’ер-міністрам Латвіі Андрысам Кулбергсам, міністрам замежных спраў Байбай Бражэ і кіраўніком Дзяржаўнай памежнай службы Гунцісам Пуятсам. Афіцыйна паведамлялася, што бакі абмяркоўвалі бяспеку ўсходняй мяжы Латвіі, незаконную міграцыю, супрацоўніцтва паміж ЗША і Латвіяй, а таксама вызваленне палітвязняў у Беларусі.
Кулбергс вітаў вызваленне 25 беларускіх палітвязняў, але падкрэсліў, што Латвія выступае за ўзмацненне санкцый, бо ў дзеяннях беларускага рэжыму няма істотных паляпшэнняў.
«Рэжым працягвае рэпрэсіі супраць грамадства, падтрымлівае агрэсію Расіі супраць Украіны і выкарыстоўвае міграцыю як інструмент гібрыднай атакі. Таму Латвія лічыць неабходным захоўваць палітычны і санкцыйны ціск і падтрымлівае пашырэнне і ўзмацненне санкцый ЕС», — заявілі ў канцылярыі латвійскага прэм’ера.
Па выніках перамоў Коўла з Лукашэнкам былі вызваленыя і вывезеныя ў Літву 25 палітвязняў. У адказ ЗША здымуць санкцыі з «Беллеспаперапрама» і «Лакафарбы». Коўл таксама анансаваў новыя вызваленні і далейшае зняцце санкцый.