Фото: x.com/GitanasNauseda
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа паведаміў пра сустрэчу са спецпасланнікам прэзідэнта ЗША Джонам Коўлам і запэўніў у падтрымцы гуманітарных місій па вызваленні палітвязняў у Беларусі.
“Сёння ўвечары я сустрэўся са спецыяльным пасланнікам прэзідэнта ЗША па Беларусі Джонам Коўлам. Літва высока цэніць паслядоўныя намаганні прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, а таксама асабісты ўдзел Джона Коўла ў справе вызвалення палітвязняў у Беларусі. Мы і надалей будзем аказваць неабходную падтрымку гэтым гуманітарным місіям”, — напісаў ён у X.
Нагадаем, сёння ў выніку перамоў Джона Коўла і Аляксандра Лукашэнкі былі вызваленыя 25 чалавек. Іх вывезлі з Беларусі ў Літву. У абмен ЗША здымуць санкцыі з «Беллеспаперапрама» і «Лакафарбы». Таксама Коўл заявіў, што вызваленне палітвязняў і зняцце санкцый працягнуцца.