Фото: посольство США в Латвии
Спецпасланнік прэзідэнта ЗША Джон Коўл адправіўся з візітам у Латвію. Прэм’ер-міністр Латвіі заявіў на сустрэчы, што Рыга выступае за ўзмацненне санкцый супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
17 верасня ў Рызе Коўл сустрэўся з прэм’ер-міністрам Латвіі Андрысам Кулбергсам, міністрам замежных спраў Байбай Бражэ і кіраўніком Дзяржаўнай памежнай службы Гунцісам Пуятсам, «каб даведацца больш пра выклікі ў сферы бяспекі, з якімі сутыкаецца ўсходняя мяжа Латвіі, і абмеркаваць магчымасці для супрацоўніцтва паміж ЗША і Латвіяй», паведамляе пасольства ЗША ў Латвіі.
Як паведамляе канцылярыя латвійскага прэм’ера, падчас сустрэчы асаблівая ўвага была нададзеная барацьбе з незаконнай міграцыяй, арганізаванай рэжымам Лукашэнкі, аперацыі Латвіі на беларускай мяжы «Vilkatis» і намаганням ЗША па вызваленні палітвязняў у Беларусі.
Кулбергс вітаў вызваленне 25 беларускіх палітвязняў, але падкрэсліў, што Латвія выступае за ўзмацненне санкцый, паколькі ў дзеяннях беларускага рэжыму няма істотных паляпшэнняў.
«Рэжым працягвае рэпрэсіі супраць грамадства, падтрымлівае агрэсію Расіі супраць Украіны і выкарыстоўвае міграцыю як інструмент гібрыднай атакі. Таму Латвія лічыць неабходным захоўваць палітычны і санкцыйны ціск і падтрымлівае пашырэнне і ўзмацненне санкцый ЕС», — паведамляе канцылярыя латвійскага прэм’ера.
Кулбергс таксама пацвердзіў зацікаўленасць Латвіі ў паглыбленні эканамічнага супрацоўніцтва з ЗША і прыцягненні новых амерыканскіх інвестыцый.
Кіраўніца латвійскага МЗС Бражэ заявіла, што бакі ўзгаднілі крокі па ўмацаванні ўсходняй мяжы НАТА.
«Латвія і ЗША разумеюць выклікі, звязаныя з бяспекай мяжы і супрацьдзеяннем незаконнай міграцыі. Мы дамовіліся пра практычныя крокі па ўмацаванні ўсходняй мяжы НАТА», — адзначыла Бражэ.
Нагадаем, учора Коўл правёў сустрэчы з прэзідэнтам і прэм’ер-міністрам Літвы.
Па выніках перамоў Коўла з Лукашэнкам былі вызваленыя і вывезеныя ў Літву 25 палітвязняў. У адказ ЗША здымуць санкцыі з “Беллеспаперапрама” і “Лакафарбы”. Коўл таксама анансаваў новыя вызваленні і далейшае зняцце санкцый.