Дзень Волі ў Варшаве. 2025 год. Фота: Антон Жамко.
Беларуская дыяспара рыхтуецца адзначыць 108-ю гадавіну абвяшчэння незалежнасці БНР з небывалым маштабам. Франак Вячорка, дарадца Святланы Ціханоўскай, паведаміў пра інтэрактыўную мапу, якая яднае беларусаў па ўсім свеце: ад традыцыйных маршаў у Варшаве да ўрачыстых адкрыццяў цэнтраў у ЗША і забегаў у Эстоніі.
«Мы зрабілі інтэрактыўную мапу святкаванняў Дня Волі! Шукайце мерапрыемствы ў сваіх гарадах ці дадавайце свае!» — заклікаў Франак Вячорка. На дадзены момант на мапе пазначана ўжо больш за 60 падзей, і іх колькасць расце.
Сёлетняя праграма святкаванняў уражвае сваёй разнастайнасцю. Беларусы па ўсім свеце арганізоўваюць не толькі палітычныя акцыі, але і культурныя, спартыўныя ды рэлігійныя мерапрыемствы:
Напрыклад, гістарычны момант у ЗША — у штаце Мінэсота адбудзецца ўрачыстае адкрыццё Беларускага культурнага цэнтра, у якім прыме ўдзел Зянон Пазняк. Святкаванні таксама ахопяць Бруклін, Сан-Францыска, Шарлат, Маямі, Філадэльфію, Сіэтл і Тампу — дзе, у прыватнасці, адбудзецца сустрэча з Сяргеем Ціханоўскім.
Спорт і драйв — у Таліне беларусы ладзяць штогадовы святочны забег да Дня Волі, а ў Вільні рыхтуецца маштабны аўтамотапрабег.
Еўрапейскі вектар — у Беластоку пройдзе боская літургія, а ў Бруселі, Гаазе, Парыжы — квізы, лекцыі, прагляды фільмаў і спектакляў, публічныя сустрэчы. У Стакгольме адкрываецца выстава «Ружы сувязяў: дапаможнік, як патрапіць у турму ў Беларусі», якая ўключае відэа-арт, партысіпатыўную майстэрню. У Коўне беларусы збяруцца каля магілы чалавека, які стварыў сімвал беларускай свабоды — Клаўдзія Дуж-Душэўскага, аўтара бел-чырвона-белага сцяга.
Мастацкая экзотыка — пункт святкавання з’явіўся нават у Сен-Поль-дэ-Венс — легендарным «горадзе мастакоў» на поўдні Францыі. Там да даты ў галерэі Space адкрываецца выстава «Казкі і гісторыі».
Мапа паказвае, што БНР у 2026 годзе — гэта не проста дата ў гісторыі, а жывая інтэрактыўная сетка. Бруклін, Атава, Вена, Падуя, Гётэборг, Таронта — беларускі голас сёлета будзе гучаць паўсюль, пацвярджаючы, што нацыя застаецца адзінай незалежна ад межаў.
Дадаць сваю імпрэзу на мапу можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram