Фото: пресс-служба Витебского облисполкома
Кітайская кампанія “Шаньдун Лісэнтэ Агратэхноладжы” пабудуе цяплічны комплекс у асаблівай эканамічнай зоне “Брэміна-Орша”. Пра гэта заявіў кіраўнік кампаніі Ван Шоубо, які сустрэўся з кіраўніцтвам Віцебскага аблвыканкама.
“Гэта не першы наш прыезд у Беларусь і Віцебскую вобласць. У мінулы раз мы прыязджалі ў кастрычніку, пазнаёміліся з магчымасцямі рэгіёна, выбралі месца для будаўніцтва цяплічнага комплексу. У гэты раз мы абмяркоўваем дэталі супрацоўніцтва, дэталізуем графік, а далей будзем распрацоўваць бізнес-план для гэтага праекта. Для ўзвядзення аб’екта мы выбралі месца ў АЭЗ “Брэміна-Орша”.
У цяпліцах будуць вырошчвацца памідоры, агуркі і клубніцы. Таксама будзе абсталявана выставачная зона, дзе будуць дэманстравацца сучасныя тэхналогіі вырошчвання іншых культур. Яшчэ прадугледжана невялікая зона для эксперыментальнага вырошчвання прадуктыўнага насення. Папярэдне, плошча цяплічнай гаспадаркі складзе 25 га”, — прыводзіць яго словы БелТА.
Паводле яго слоў, прадукцыю плануюць прадаваць у першую чаргу на мясцовых рынках, а таксама ў Расіі і іншых краінах.
Нагадаем, у верасні мінулага года з Шоубо ў Пекіне сустракаўся Аляксандр Лукашэнка. Пасля сустрэчы пра яе вынікі распавядаў набліжаны да Лукашэнкі бізнесмен Сяргей Цяцерын. Тады ж ён анансаваў, што першы праект будзе запушчаны ў Віцебскай вобласці, інвестарамі выступяць і кітайскі, і беларускі бакі, але тэхналогіі будуць кітайскімі.
Першы намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Сяргей Ляўковіч адзначыў, што Аршанскім раёнам справа не абмяжуецца.
“Нам цікавыя падыходы ў тым ліку кітайскага боку і ўзаемадзеянне ў гэтым напрамку па інвестыцыях у такія праекты. Упэўнены, што Аршанскім раёнам цяплічная вытворчасць не абмяжуецца, мы будзем развіваць яе і ў іншых частках нашай вобласці. Нам цікавыя таксама фінансавыя інструменты кітайскага боку, іх падыходы і кампетэнцыі ў вытворчасці цяплічных комплексаў. З кампаніяй “Шаньдун Лісэнтэ Агратэхноладжы” ў нас добрыя перспектывы для стварэння сумеснай вытворчасці гародніны закрытага грунту”, — сказаў ён.
Ляўковіч адзначыў, што праект можа быць рэалізаваны ў бліжэйшыя 2–3 гады.