Кіраўнік Мінсельгасхарча адхіляе абвінавачанні ў дэмпінгу на малочным рынку РФ

Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Юрый Горлаў, выступаючы на з’ездзе расійскага саюза «Саюзмалако», адхіліў абвінавачанні ў тым, што беларускія вытворцы займаюцца дэмпінгам на расійскім рынку. Апошнім часам яны з’явіліся ў сувязі з сітуацыяй на рынку сметанковага масла.

«Што тычыцца рэалізацыі масла, паважаныя калегі, сапраўды, сітуацыя такая склалася, напэўна, на жаль, склалася, і ў свеце, мы ведаем, што перапрадукцыя тлушчаў. У тым ліку ёсць рэшткі масла на складах і ў Расійскай Федэрацыі, ёсць рэшткі масла і ў Рэспубліцы Беларусь.

Як нам вырашыць гэтую праблему? Сапраўды, мы павінны вырашаць яе сумесна, бо ў адзіночку вырашыць яе будзе надзвычай складана і, напэўна, не па-партнёрску адно да аднаго. Але вы павінны ведаць, што Рэспубліка Беларусь ніколі не дэмпінгавала, таму што я часта чую ад нашых расійскіх калег, магчыма, ад некаторых з вас з залы, што Рэспубліка Беларусь дэмпінгуе.

Дэмпінг — мы ведаем, што гэта такое: гэта рэалізацыя прадукцыі ніжэй за сабекошт. Мы не прадаем сваю прадукцыю ніжэй за сабекошт, мы прадаем яе з прыбыткам», — сказаў ён.

Паводле яго слоў, у 2025 годзе рэнтабельнасць вытворчасці малака ў сярэднім па краіне склала 26%, а рэнтабельнасць перапрацоўкі — 11%.

Юрый Горлаў таксама адзначыў, што ў Беларусі гатовыя перайсці да свабоднага цэнаўтварэння на малако-сыр’ё. Паводле яго слоў, цяпер так званыя індыкатывы ўсталёўваюцца з улікам прапаноў цэн вытворцамі, якія вывучаюць унутраны і знешнія рынкі. Затым яны выносяцца на камісію Мінсельгасхарча.

«Мы фармалізуем тыя прапановы, якія сёння паступаюць ад нашых прадпрыемстваў. Паверце, абсалютна няма ніякага ціску для таго, каб, дапусцім, дзесьці наўмысна працаваць на зніжэнне цаны. Мы стараемся гэта рабіць і робім гэта ў рынку», — сказаў ён.

Ён адзначыў, што разглядаецца прапанова адмовіцца ад індыкатываў.

«Я думаю, што гэта пытанне рашэння невялікага часу — адысці ад індыкатыўных, працаваць па рынкавых цэнах, як сёння працуе Расійская Федэрацыя. Вось я сёння з гэтай трыбуны казаў пра тое, што мы гатовыя працаваць так, як працуе Расія, аднолькава, каб не было пытанняў, што мы дзесьці там нейкія цэны рэгулюем. Пытанне: ці гатовыя вы да гэтага?», — сказаў ён.

Трэба адзначыць, што беларускія чыноўнікі перыядычна ўжо рабілі падобныя заявы.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!