Кіраўнік Linava: Мінск шукае спосабы фармальна ўзаконіць затрыманне літоўскіх грузавікоў

Беларусь шукае спосабы фармальна ўзаконіць факт утрымання літоўскіх грузавікоў і паўпрычэпаў, накіраваных больш за тры месяцы таму на спецыяльныя стаянкі ў Мінску. Пра гэта заявіў прэзідэнт Нацыянальнай асацыяцыі аўтаперавозчыкаў Літвы Linava Эрландас Мікенас, піша LRT са спасылкай на BNS.

Паводле яго слоў, уладальнікі затрыманых транспартных сродкаў атрымалі лісты ад беларускай кампаніі «Белтаможсервіс», якая знаходзіцца пад санкцыямі ЕС і кіруе стаянкамі. У іх перавозчыкам прапануецца падпісаць дагаворы на паслугі захоўвання заднім чыслом — з 10–14 лістапада.

«Перавозчыкі атрымліваюць ад «Белтаможсервіса» дагаворы заднім чыслом з 10 па 14 лістапада пра тое, што мы «просім» іх прыгледзець за сваімі транспартнымі сродкамі. Паколькі тэхніка была загнана, па сутнасці, прымусова і ў той момант дагаворы не падпісваліся, а ўсё зацягнулася, цяпер яны шукаюць спосабы фармальна гэта ўзаконіць, – сказаў Мікенас. – Такім чынам яны спрабуюць легалізаваць свае дзеянні».

Паводле слоў кіраўніка Linava, раней перавозчыкі атрымлівалі ад кампаніі толькі выстаўленыя рахункі за стаянку. У цяперашніх дагаворах таксама пазначана плата за стаянку на пляцоўках — у некаторых выпадках яна ў два разы перавышае кошт транспартнага сродку.

«Перавозчыкі, зразумела, не будуць падпісваць кантракты (…). Мы так і казалі, што чым даўжэй мы будзем стаяць, тым больш некаторыя транспартныя сродкі нават не будзе сэнсу забіраць», — заявіў ён.

Прэзідэнт асацыяцыі, якая аб’ядноўвае 700 невялікіх прадпрыемстваў, кажа, што некаторыя транспартныя кампаніі больш не могуць плаціць падаткі і ў Літве. Паводле слоў Мікенаса, некаторыя з іх не могуць разлічыцца з Падатковай інспекцыяй і фондам сацыяльнага страхавання Sodra, у сувязі з чым іх рахункі арыштоўваюцца.

Ён адзначыў, што для кампаній, у якіх да 90% аўтапарка затрымана ў Беларусі, выплата падаткаў фактычна немагчымая. Раней Мікенас заяўляў, што страты перавозчыкаў набліжаюцца да 100 млн еўра.

Нагадаем, нягледзячы на адкрыццё мяжы, Мінск не выпускае літоўскія грузавыя аўтамабілі з краіны і накіроўвае іх на спецыяльныя пляцоўкі. За кожную фуру або паўпрычэп спаганяецца плата ў памеры 120 еўра ў суткі, а пасля чатырох месяцаў захоўвання тэхніка можа быць канфіскавана.

Паводле слоў прэзідэнта Linava, арганізацыя мае намер звярнуцца да Еўрапейскай камісіі па дапамогу ў вяртанні затрыманых аўто і запатрабаваць ад Мінска кампенсацыі страт.

Паводле апошніх дадзеных Linava, атрыманых ад кампаній, якія прадставілі асацыяцыі інфармацыю пра затрыманыя аўтамабілі, у Мінску затрымана 1071 транспартны сродак, з іх 575 паўпрычэпаў і 496 цягачоў. Аднак прэзідэнт Linava працягвае сцвярджаць, што агульная колькасць літоўскіх транспартных сродкаў, затрыманых у Беларусі, складае каля 4 тысяч, з якіх 1,25 тысячы — грузавікі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!