Фото: Znivien
У спісе “экстрэмісцкіх фармаванняў” МУС з’явіліся тры новыя пазіцыі: брэнд адзення, анлайн-крама і моўная школа. Адпаведныя рашэнні былі прынятыя КДБ 5 траўня. Сёння МУС унесла інфармацыю пра іх у свой спіс.
Да “экстрэмісцкага фармавання” «Znivien», паводле версіі КДБ, маюць дачыненне Уладзімір Маляўка і Павел Дзяркач. У пераліку таксама згадваюцца сацыяльныя сеткі і сайт гэтага брэнда адзення.
Яшчэ адно “фармаванне” — крама «The Krama Store», якая прапануе кнігі і сувеніры. Раней яна размяшчалася ў “Беларускім моладзевым хабе” ў Варшаве, а потым перайшла ў анлайн-фармат. У сувязі з фармаваннем згаданая Алеся Гмір.
Трэцяе “фармаванне” — моўная школа «LVS. Language School», з якой звязваюць Аляксандру Доніч. У пераліку таксама пазначаныя сацсеткі школы.
Нагадаем, абвінавачанні ў экстрэмізме выкарыстоўваюцца беларускімі ўладамі для барацьбы з апанентамі Лукашэнкі і пераследу іншадумства ў цэлым.