Карты Mastercard «Альфа-Банка» і «Белгазпрамбанка» перастануць працаваць у Еўропе

Карткі Mastercard «Альфа-Банка» і «Белгазпрамбанка» перастануць працаваць у еўрапейскіх краінах з 21 красавіка.

«Па рашэнні міжнароднай плацежнай сістэмы Mastercard з 21 красавіка 2026 года будуць недаступныя аперацыі з выкарыстаннем картак Mastercard Белгазпрамбанка на тэрыторыі краін Еўрапейскага саюза (у тым ліку ў інтэрнэт-крамах, зарэгістраваных на тэрыторыі такіх краін)», — паведамляе «Белгазпрамбанк».

З дапамогай карт нельга будзе разлічыцца ў крамах і анлайн, зняць наяўныя ў банкоматах, адправіць пераводы з карты на карту праз лакальныя сэрвісы.

Прэс-служба «Альфа-Банка» прыводзіць спіс краін, дзе перастануць працаваць карты: Вялікабрытанія, Аўстрыя, Бельгія, Балгарыя, Венгрыя, Германія, Грэцыя, Данія, Ірландыя, Іспанія, Італія, Кіпр, Латвія, Літва, Люксембург, Мальта, Нідэрланды, Польшча, Партугалія, Румынія, Славакія, Славенія, Фінляндыя, Францыя, Харватыя, Чэхія, Швецыя, Эстонія, Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Нарвегія.

«Альфа-Банк» рэкамендуе кліентам, якія цяпер знаходзяцца ў гэтых краінах, ужо зараз зняць наяўныя ў любым банкомаце — банк цалкам прыбраў камісію са свайго боку за зняцце ўласных сродкаў за мяжой, незалежна ад сумы. Таксама можна перавесці сродкі бясплатна праз ЕРІП на карту іншага беларускага банка.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!