Фото: @joseantoniokast
Чылі стала яшчэ адной краінай Паўднёвай Амерыкі, у якой на прэзідэнцкіх выбарах перамог правы кандыдат. Пасля падліку 95% галасоў кіраўнік кансерваттыўнай Рэспубліканскай партыі Хасэ Антоніа Каст набірае 58% галасоў, а яго саперніца ад Камуністычнай партыі Жанет Хара — 42%. Яна прызнала сваю паразу.
Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіа ўжо павіншаваў Каста з перамогай.
“Мы ўпэўненыя, што пад яго кіраўніцтвам Чылі будзе прасоўваць агульныя прыярытэты, у тым ліку ўмацаванне грамадскай бяспекі, спыненне нелегальнай іміграцыі і ажыўленне нашых гандлёвых адносін. Злучаныя Штаты разлічваюць на цеснае супрацоўніцтва з яго адміністрацыяй для паглыблення нашага партнёрства і садзейнічання агульнаму дабрабыту ў нашым паўшар’і”, — гаворыцца ў віншаванні.
Падчас перадвыбарчай кампаніі Каст прапаноўваў будаўніцтва памежных сцен, размяшчэнне войскаў у раёнах з высокім узроўнем злачыннасці і дэпартацыю ўсіх мігрантаў, якія незаконна знаходзяцца ў краіне.
«Без бяспекі няма міру. Без міру няма дэмакратыі, а без дэмакратыі няма свабоды, і Чылі вернецца да жыцця, свабоднага ад злачыннасці, трывогі і страху», — сказаў ён у пераможнай прамове.
Абранне Каста працягнула шэраг перамог правых кандыдатаў у краінах Лацінскай Амерыкі. Раней у Эквадоры выбары выйграў Даніэль Набоа, у Сальвадоры — Наіб Букеле, а ў Аргенціне — Хаўер Мілей, у Балівіі перамог цэнтрысцкі кандыдат Радрыга Пас, які перарваў кіраванне сацыялістаў у краіне.