Олег Хоменко. Фото: Facebook
Камітэт абароны журналістаў (CPJ) заклікаў беларускія ўлады неадкладна вызваліць радыёвядучага Алега Хаменку і спыніць пераслед журналістаў за прафесійную дзейнасць. Адпаведную заяву арганізацыя апублікавала 5 сакавіка.
«Трохгадовы турэмны тэрмін для Алега Хаменкі стаў трэцім прысудам журналістам у Беларусі менш чым за тыдзень — відавочнай прыкметай таго, што ўлады ні ў якой ступені не аслабілі ціск на прэсу ў краіне», — заявіла Ганна Браха, старшая даследчыца CPJ па Еўропе і Цэнтральнай Азіі.
«Улады павінны неадкладна вызваліць Хаменку разам з усімі зняволенымі журналістамі», — заклікала яна.
CPJ накіраваў электронны ліст у Следчы камітэт Беларусі з просьбай пракаментаваць справу Хаменкі, але не атрымаў адказу.
Нагадаем, 4 сакавіка Мінскі гарадскі суд прысудзіў Хаменку да трох гадоў пазбаўлення волі і штрафу ў 20 тысяч рублёў паводле абвінавачання ў садзейнічанні «экстрэмісцкай дзейнасці». Як вынікае з матэрыялаў справы, у аснову абвінавачання легла яго пастаяннае супрацоўніцтва з рэдакцыяй «Беларускае Радыё Рацыя».
Алег Хаменка быў затрыманы ў Мінску 17 чэрвеня 2025 года пасля ператрусу ў яго кватэры. Першапачаткова яго змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна па адміністрацыйным абвінавачанні. У пачатку ліпеня стала вядома пра ўзбуджэнне крымінальнай справы, пасля чаго яго перавялі ў следчы ізалятар №1 у Калядзічах.
Алег Хаменка вядомы як папулярызатар беларускай музыкі ў радыёэфіры. У 2000-х гадах ён стварыў і вёў праграму «Брама існасьці» на «Авторадио», з канца 2000-х гадоў на пастаяннай аснове супрацоўнічаў з «Беларускае Радыё Рацыя». Яго праграмы «Тузін гітоў» і «Фольк-брама» выходзілі ў эфір на працягу многіх гадоў аж да затрымання.
«Беларускае Радыё Рацыя» — радыёстанцыя, якая вядзе кругласутачнае вяшчанне на беларускай мове на тэрыторыі Беларусі, Польшчы і Літвы на FM-частотах і ў інтэрнэце. Рэдакцыя працуе з 1999 года і знаходзіцца ў Беластоку. Радыёстанцыя асвятляе грамадска-палітычныя, эканамічныя і культурныя падзеі ў Беларусі і свеце.
У верасні 2021 года доступ да сайта радыёстанцыі для карыстальнікаў з Беларусі быў заблакаваны паводле рашэння Міністэрства інфармацыі. 16 студзеня 2024 года рашэннем КДБ «Беларускае Радыё Рацыя» было прызнана экстрэмісцкім фарміраваннем.
Паводле дадзеных Беларускай асацыяцыі журналістаў, у цяперашні час у Беларусі за кратамі знаходзяцца па меншай меры 28 журналістаў.