Скриншот видео.
Сёння былыя палітвязні, вызваленыя 13 снежня і высланыя ва Украіну, у Чарнігаве праводзяць прэс-канферэнцыю для ўкраінскіх журналістаў. Трансляцыю арганізавала «Суспільне».
У прэс-канферэнцыі ўдзельнічаюць юрыст «Вясны» Уладзімір Лабковіч, палітыкі Віктар Бабарыка, Марыя Калеснікава і публіцыст Аляксандр Фядута.
Першай слова ўзяла Марыя Калеснікава:
— Я думаю, вы ўсе разумееце, што вельмі складана знайсці словы, каб сказаць, як мы ўсе рады быць на волі. Мы рады, што вызвалілі так шмат людзей і, вядома, мы чакаем наступных крокаў.
Ад сябе асабіста я хачу падзякаваць маёй любімай сям’і, якая ўвесь гэты час была са мной, і я праз кіламетры, сцены, перашкоды, краты адчувала падтрымку свайго таты, сваёй сястры, усіх сваіх родных, блізкіх, сяброў, усіх калег, музыкаў, людзей мастацтва і ўвогуле ўсіх людзей, з якімі я калі-небудзь працавала, сябравала і сябрую. Тых людзей, якіх я не ведаю.
Я ведаю, што іх вельмі шмат ва ўсім свеце. Я ўсім дзякую ад чыстага сэрца, і сапраўды цяжка падабраць словы, каб выказаць любоў і падзяку.
Я ўдзячная ўсім, хто датычны да таго, што мы зараз тут сабраліся, каб мы выйшлі на волю.
Я хачу падзякаваць Дональду Трампу і яго камандзе за тое, што зараз адбываецца, што справа зрушылася з мёртвай кропкі, і ёсць надзея на пазітыўныя змены.
Я хачу падзякаваць прэзідэнту Зяленскаму і ўсяму ўкраінскаму народу за тое, што ўчора вы нас прынялі, за тое, што ўчора і сёння мы адчуваем вашу любоў і падтрымку. Мы ўяўляем, як гэта неверагодна цяжка ў гэты час вайны — калі сам украінскі народ так пакутуе — нас так падтрымліваць, так атачаць клопатам. Гэта адчувае кожны з нас.
Я кажу дзякуй Аляксандру Рыгоравічу за тое, што ён зрабіў магчымым вызваленне людзей — нашае вызваленне. І я буду вітаць усе далейшыя крокі ў гэтым напрамку.
Я кажу дзякуй усім-усім-усім людзям добрай волі, якія ўвесь гэты час з намі.