Вадим Кабанчук. Фото: ОПК
Прадстаўнік па пытаннях абароны і нацыянальнай бяспекі Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі Вадзім Кабанчук заявіў, што сцвярджэнні міністра абароны Беларусі Віктара Хрэніна пра адсутнасць будаўніцтва ўмацаваных раёнаў на мяжы з Украінай не адпавядаюць фактам.
Раней Хрэнін па выніках даклада Аляксандру Лукашэнку 22 ліпеня заявіў, што Беларусь не стварае ўмацаваных раёнаў на паўднёвым напрамку. Паводле яго слоў, паведамленні пра будаўніцтва ваеннай інфраструктуры каля ўкраінскай мяжы з’яўляюцца часткай інфармацыйнай атакі.
«Гэта робіцца толькі з адной мэтай: стварыць напружанне ў нашым грамадстве, ды і ва ўкраінскім таксама, убіваючы клін і робячы з нас лютых ворагаў. Гэта не адпавядае ніякай рэчаіснасці», — заявіў ён.
Кіраўнік Мінабароны Беларусі сцвярджаў, што ўздоўж заходняй і паўночнай межаў краіны ўжо абсталяваныя пяць умацаваных раёнаў, аднак на мяжы з Украінай іх стварэнне не плануецца. Работы на поўдні краіны ён патлумачыў развіццём Палесся — рамонтам дарог, мастоў і стварэннем зон адпачынку.
Кабанчук адзначыў, што ўлады Беларусі раней ужо рабілі заявы, якія не адпавядалі наступным падзеям. Паводле яго слоў, існуюць спадарожнікавыя здымкі, а таксама фота- і відэаматэрыялы, якія пацвярджаюць будаўніцтва новых абарончых аб’ектаў на асобных участках беларуска-ўкраінскай мяжы.
«Мы бачым, што работы па ўмацаванні мяжы з Украінай вядуцца ўжо не першы год», — адзначыў прадстаўнік АПК.
Ён таксама нагадаў, што перад поўнамаштабным уварваннем Расіі ва Украіну ў 2022 годзе беларускія і расійскія афіцыйныя асобы заяўлялі пра адсутнасць планаў вайны, аднак тэрыторыя Беларусі была выкарыстаная для нападу на Украіну.
На думку Кабанчука, заявы беларускіх уладаў не павінны ўспрымацца як падстава для зніжэння ўвагі да магчымых пагроз.
«Беларускім дэмакратычным сілам, Украіне і краінам-суседзям варта зыходзіць з найгоршага сцэнару і загадзя рыхтавацца да магчымых пагроз», — заявіў ён, заклікаўшы сусветную супольнасць асобна звярнуць увагу на супрацьдзеянне дэзінфармацыі.
Нагадаем, Украіна раней заяўляла пра будаўніцтва баз захоўвання боепрыпасаў і гаруча-змазачных матэрыялаў, а таксама будаўніцтва дарожнай інфраструктуры для ваенных мэтаў у Беларусі каля ўкраінскай мяжы.