Зяленскі запатрабаваў спыніць будаўніцтва вайсковай інфраструктуры Беларусі каля мяжы з Украінай

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў пра важныя разведвальныя даныя адносна сітуацыі ў Крыме і на іншых акупаваных тэрыторыях, а таксама пра вайсковыя падрыхтоўкі Беларусі ўздоўж украінскай мяжы.

Ён паведаміў, што кіраўнік украінскай разведкі Алег Лугоўскі далажыў пра вайсковыя падрыхтоўкі Беларусі ўздоўж украінскай мяжы пад «відавочным» расійскім уплывам.

“Уздоўж нашай дзяржаўнай мяжы ў Беларусі завяршаецца будаўніцтва дарожнай інфраструктуры і баз захоўвання боепрыпасаў і гаруча-змазачных матэрыялаў, якія не маюць ніякага іншага прызначэння, акрамя вайсковага. Гаворка ідзе пра памежныя напрамкі Кобрын — Ковель, Іванава — Маневічы, Лунінец — Сарны, Рэчыца — Карасцень і Гомель — Чарнігаў. Мы ведаем, што ў расійскіх дакументах гэта апісваецца менавіта ў кантэксце задач так званай «СВА», — заявіў украінскі лідар.

Паводле яго слоў, Беларусь атрымала ад Украіны неабходныя сігналы адносна такой дзейнасці, а таксама адносна ўсіх іншых формаў яе супрацоўніцтва з Расіяй у інтарэсах зацягвання і пашырэння вайны.

“Беларусь ведае, якія крокі неабходна зрабіць з яе боку для дасягнення міру. Развіццё памежнай інфраструктуры агрэсіі з боку Беларусі павінна быць спынена. Крокі, накіраваныя на дээскалацыю і мір, павінны быць зроблены менавіта беларускім бокам”, — падкрэсліў ён.

Ён таксама паведаміў, што Служба знешняй разведкі атрымала матэрыялы, якія сведчаць пра фактычна штодзённае паглыбленне крызісу з палівам, вайсковай лагістыкай і кіраваннем у Крыме.

“Расійская акупацыйная адміністрацыя даволі выразна і недвухсэнсоўна прызнае немагчымасць вырашыць праблемы, створаныя нашымі санкцыямі сярэдняй далёкасці супраць акупанта, а таксама выкананнем плана далёкасяжных санкцый, перш за ўсё ў дачыненні да расійскай нафтаперапрацоўкі. Аналагічная сітуацыя разгортваецца і ў іншых расійскіх рэгіёнах”, — заявіў прэзідэнт Украіны.

“Мы таксама атрымалі ўнутраную расійскую дакументацыю па ацэнцы настрояў грамадзян дзяржавы-агрэсара. У цяперашні час узровень трывожнасці расіян ужо вышэйшы, чым падчас нашай Курскай аперацыі, а менавіта перавышае 50%. Ужо 66% расіян лічаць сваё фінансавае становішча складаным. Больш за 80% расіян лічаць непазбежным маштабны эканамічны крызіс у Расіі. Абсалютна празрыстыя паказчыкі, якія адлюстроўваюць правал пуцінскай вайсковай палітыкі”, — дадаў ён.

Выявы: t.me/V_Zelenskiy_official
Выявы: t.me/V_Zelenskiy_official
Выявы: t.me/V_Zelenskiy_official
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!