ByAction: Выкананне рашэнняў суда ЗША аб дэпартацыі беларусаў у Беліз не пацверджана

Праваабарончая ініцыятыва ByAction удакладніла інфармацыю пра магчымую дэпартацыю грамадзян Беларусі са ЗША ў Беліз, падкрэсліўшы, што не мае пацверджання выканання адпаведных судовых рашэнняў.

Каментуючы матэрыял Reform.news, заснавальнік ByAction Яўген Ждановіч растлумачыў, што арганізацыі дакладна вядома толькі пра два рашэнні іміграцыйнага суда ў Заходнім Лос-Анджэлесе аб дэпартацыі грамадзян Беларусі ў Беліз. Аднак пацверджанняў таго, што гэтыя рашэнні былі выкананыя, у праваабаронцаў няма.

«У нас няма пацверджанай інфармацыі пра тое, што гэтых людзей сапраўды дэпартавалі. Нам дакладна вядома толькі тое, што суд прыняў рашэнне аб іх дэпартацыі ў Беліз, аднак ці было гэтае рашэнне выканана, мы не ведаем. Хутчэй за ўсё не.

Нам не ўдалося ўстанавіць імёны ні саміх грамадзян Беларусі, у дачыненні да якіх было прынята рашэнне аб дэпартацыі ў Беліз, ні адвакатаў, якія прадстаўлялі іх інтарэсы. Пошукі працягваюцца. Адзіная інфармацыя, якой мы валодаем, заключаецца ў тым, што справу разглядаў суддзя іміграцыйнага суда West Los Angeles», — адзначыў ён.

Паводле яго слоў, невядома і тое, ці была пададзеная апеляцыя на рашэнне аб дэпартацыі.

«Мы дакладна ведаем, што інтарэсы гэтых людзей прадстаўляў адвакат, таму можна меркаваць, што рашэнне, імаверна, было абскарджана. Аднак пацверджання гэтаму ў нас няма», — дадаў заснавальнік ByAction.

У ByAction таксама вывучылі даступныя дакументы пра дамоўленасці паміж ЗША і Белізам.

«Мяркуючы па наяўнай інфармацыі, пры выкананні рашэння аб дэпартацыі іміграцыйныя органы могуць сутыкнуцца з фактычнымі перашкодамі, якія не дазволяць выслаць грамадзян Беларусі ў Беліз. Няма падстаў лічыць, што Беліз быў гатовы прымаць грамадзян дзяржаў, якія не адносяцца да Лацінскай Амерыкі», — адзначыў Ждановіч.

«У цяперашні час нас асабліва непакоіць рызыка таго, што нашых суайчыннікаў могуць памылкова выслаць у іншую краіну. Гэта самы сур’ёзны выклік на дадзены момант», — падкрэсліў ён.

Нагадаем, інфармацыю пра рашэнне іміграцыйнага суда ByAction апублікавала 22 ліпеня. Паведамлялася, што праваабаронцам вядомыя два выпадкі, калі суд у Каліфорніі прыняў такія рашэнні.

«Мы шукаем інфармацыю пра грамадзян Беларусі, якім іміграцыйны суд у Каліфорніі прызначыў дэпартацыю ў Беліз. Нам дакладна вядома пра два выпадкі ў аднаго іміграцыйнага суддзі. Калі вы валодаеце якой-небудзь інфармацыяй пра гэтыя ці падобныя рашэнні, калі ласка, звяжыцеся з намі», — гаварылася ў паведамленні.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!