Кабанчук: Рэгіянальная бяспека застаецца ключавым фактарам у працы прадстаўніцтва АПК па абароне

Прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб’яднанага пераходнага кабінета Вадзім Кабанчук падвёў вынікі 2025 года і распавёў пра планы прадстаўніцтва на 2026 год. Ён адзначыў, што ў 2025 годзе рэгіянальная бяспека сутыкнулася з сур’ёзным напружаннем з-за працяглай расійска-ўкраінскай вайны, паглыблення ваеннага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі і актыўнай мілітарызацыі беларускай тэрыторыі.

«Напрыканцы года Беларусь афіцыйна размясціла на сваёй тэрыторыі расійскія балістычныя гіпергукавыя ракетныя сістэмы, здольныя несці ядзерныя боегалоўкі, што выклікала занепакоенасць краін НАТА і суседніх дзяржаў», — падкрэсліў ён.

На фоне гэтай сітуацыі, паводле яго слоў, «рэгіянальная бяспека застаецца ключавым фактарам у палітыцы і дзейнасці прадстаўніцтва АПК па абароне і нацыянальнай бяспецы».

Галоўнымі напрамкамі працы прадстаўніцтва ў 2025 годзе Кабанчук назваў аналіз і падрыхтоўку палітычных прапаноў па пытаннях абароны і абароны суверэнітэту Беларусі, каардынацыю інфармацыйнай барацьбы супраць прарасійскай мілітарызацыі і ўзаемадзеянне з міжнароднымі партнёрамі.

Асаблівая ўвага надавалася падтрымцы беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне. Па ініцыятыве прадстаўніцтва АПК прысвоіў ім статус удзельнікаў баявых дзеянняў, што, як адзначаецца, пры дэмакратычных трансфармацыях забяспечыць усебаковую падтрымку добраахвотнікам і іх сем’ям.

Ключавымі вынікамі працы за мінулы год Кабанчук назваў умацаванне міжнароднай падтрымкі і фармальнае прызнанне дэмакратычнага ўрада ў выгнанні як ключавога гульца ў будучым палітычным транзіце і ўдзел у міжнародных дыялогах па бяспецы і перспектывах Беларусі ў еўрапейскай архітэктуры бяспекі.

Стратэгічнымі выклікамі, паводле яго слоў, застаюцца ўзмацненне ваеннай прысутнасці Расіі ў Беларусі і працяг рэпрэсій унутры краіны.

На 2026 год прадстаўніцтва плануе працягнуць працу 2025 года, развіваць сеткі па каардынацыі і інфармацыйнай падтрымцы, падтрымліваць адукацыйныя і трэніровачныя праграмы за мяжой для павышэння кваліфікацыі беларускіх грамадзян у галіне абароны, права і бяспекі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!