Скриншот сайта tryslany.com
Каардынацыйная рада запускае платформу «Тры сланы» для перадвыбарнай агітацыі. На пляцоўцы будзе прадстаўлена ўся інфармацыя пра кандыдатаў, іх праграмы і дыскусіі.
Платформу tryslany.com распрацавала каманда Паўла Лібера. Распрацоўшчыкі заяўляюць, што ёй можна бяспечна карыстацца і ў Беларусі.
«Мы загадзя прадумалі магчымасць працы платформы ўнутры Беларусі. Каб людзям у Беларусі было адносна бяспечна карыстацца рэсурсам — і я заўсёды падкрэсліваю: менавіта адносна — акрамя стандартнай спасылкі tryslany.com мы запускаем люстэрка на Google Cloud. Калі людзі ў Беларусі будуць пераходзіць па гэтай спасылцы, карыстацца платформай, а затым ачышчаць гісторыю і закрываць укладкі, то ўсё павінна быць ок», — заявіў Данііл Гаркавы, прадстаўнік платформы «Тры сланы» і каманды «Новая Беларусь».
«Тры сланы» створана як палітычна нейтральная пляцоўка. Любая беларуская арганізацыя або ініцыятыва можа стварыць на платформе свой офіс і інфармаваць пра сваю дзейнасць. Выбарчыя суб’екты, якія ўдзельнічаюць у выбарах, могуць публікаваць свае праграмы, расказваць пра ўдзельнікаў спісаў, ствараць мерапрыемствы, апытанні і формы зваротнай сувязі з AI-мадэрацыяй.
Распрацоўшчыкі заяўляюць, што платформа не збірае ніякіх асабістых дадзеных. Карыстацца ёй можна ананімна без рэгістрацыі, а каб пакінуць каментар, спатрэбіцца мінімальная аўтарызацыя праз электронную пошту.
Нагадаем, выбары ў Каардынацыйную раду пройдуць 11-17 мая.