Каардынацыйная рада правядзе слуханні па справе Васіля Верамейчыка

28 студзеня Каардынацыйная рада правядзе слуханні па справе экс-каліноўца Васіля Верамейчыка.

«Падчас слуханняў адбудзецца публічны разгляд інфармацыі, якая з’явілася ў СМІ і грамадскай прасторы адносна абставін, звязаных з забаронай на ўезд Васіля Верамейчыка ва Украіну і Літву, а таксама ацэнка магчымай ролі прадстаўнікоў дэмакратычных структур у гэтых працэсах», — паведамляе КР.

Слуханні праводзяцца з мэтай павышэння празрыстасці, падсправаздачнасці і даверу ў дзейнасці беларускіх дэмакратычных сіл і прадухілення паўтарэння падобных сітуацый у далейшым.

Трансляцыя будзе даступная на ютуб-канале КР. Пачатак — у 16:00 па цэнтральнаеўрапейскім часе (18:00 па мінскім).

Нагадаем, былога байца палка Каліноўскага Васіля Верамейчыка затрымалі ў В’етнаме і экстрадавалі ў Беларусь у лістападзе 2024 года. Да гэтага Украіна забараніла яму ўезд на сваю тэрыторыю, а Літва прызнала яго пагрозай нацыянальнай бяспецы з-за службы ў беларускай арміі ў 2010–2016 гадах.

У лістападзе 2025 года Верамейчыка прыгаварылі да 13 гадоў пазбаўлення волі. Ён абвінавачваўся ва ўдзеле ў «экстрэмісцкіх фарміраваннях», удзеле ў ваенным канфлікце без паўнамоцтваў з боку дзяржавы, удзеле ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады, садзейнічанні «экстрэмісцкай дзейнасці», пагрозах і абразах у адрас сілавікоў, Аляксандра Лукашэнкі, суддзяў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!