«Ёсць добрыя ідэі» — Зяленскі паведаміў пра перамовы з Уіткафам і Кушнерам па набліжэнні міру

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі правёў размову са спецыяльным прадстаўніком прэзідэнта ЗША Стывам Уіткафам і Джарэдам Кушнерам і назваў абмеркаванне канструктыўным і інтэнсіўным. Паводле слоў украінскага лідара, гаворка ішла пра крокі, накіраваныя на набліжэнне заканчэння вайны і выпрацоўку рэалістычных, эфектыўных і надзейных рашэнняў для працяглага міру.

«Сёння вельмі добра пагутарылі са спецыяльным прадстаўніком прэзідэнта Трампа Стывам Уіткафам і Джарэдам Кушнерам. Дзякуй за канструктыўную, інтэнсіўную працу, а таксама за добрыя словы і віншаванні ўкраінцаў з Раством. Працуем рэальна 24/7, каб наблізіць заканчэнне гэтай жорсткай расійскай вайны супраць Украіны і каб зрабіць усе дакументы і крокі рэалістычнымі, эфектыўнымі і надзейнымі», — праінфармаваў ён.

«Абмеркавалі некаторыя істотныя дэталі працы. Ёсць добрыя ідэі, якія могуць спрацаваць дзеля агульнага выніку і працяглага міру. Сапраўдная бяспека, сапраўднае аднаўленне, сапраўдны мір — гэта тое, што патрэбна ўсім нам ва Украіне, у Злучаных Штатах, у Еўропе і кожнаму з партнёраў, хто нам дапамагае. Спадзяюся, што нашы сённяшнія калядныя дамоўленасці і ідэі, якія абмеркавалі, будуць карыснымі», — дадаў украінскі лідар.

Паводле яго слоў, пры размове прысутнічалі Рустэм Умераў, Андрэй Гнатаў, Андрэй Сібіга, Сяргей Кісліца, Аляксандр Беўз і Ігар Брусіла.

«Уся наша дыпламатычная каманда выкладаецца максімальна. Дамовіліся, што Рустэм яшчэ сёння пагутарыць са Стывам і Джарэдам. Лічым, што гэта правільна — не губляць ніводнага дня і ніводнай магчымасці, якія могуць наблізіць вынік. Няхай сённяшняя наша размова стане яшчэ адным крокам да міру. Папрасіў таксама хлопцаў перадаць нашы віншаванні прэзідэнту Трампу і ўсёй сям’і Трампаў з Раством», — распавёў Зяленскі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!