Фото: Reform.by
У Мінску электробусы двух маршрутаў рухаюцца з затрымкамі. Пра гэта папярэдзілі ў «Мінсктрансе».
«Па тэхнічных прычынах электробусы маршрутаў № 1, 50с рухаюцца з парушэннем графіка да 40 хвілін», — гаворыцца ў паведамленні.
Варта адзначыць, што на фоне марознага надвор’я «Мінсктранс» штодня папярэджвае пра адхіленні ад раскладу руху грамадскага транспарту ў сталіцы.
Як распавёў на выходных тэлеканалу СТВ намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства Раман Прановіч, у марознае надвор’е расход электраэнергіі электратранспартам павялічваецца з-за працы абагравальнікаў. У выніку на канцавых станцыях электробусы і тралейбусы з аўтаномным ходам павінны стаяць даўжэй, чым звычайна.
«У цяперашні час мы бачым, што з паніжэннем тэмпературы назіраюцца спазненні. Электратранспарт рухаецца з адставаннем ад графіка. Прымаюцца розныя меры дыспетчарскага рэгулявання, дзесьці выкарыстоўваецца рэзервовы рухомы састаў пры яго наяўнасці. Як адзін з варыянтаў.
Гэта значыць мы ўкліньваем паміж электробусамі аўтобус. Аўтобусу, калі ён прыязджае на канцавы, не трэба зараджацца. Адпаведна, электробус, які перад ім, можа сабе дазволіць крыху даўжэй пастаяць на зараднай станцыі і папоўніць запас ходу», — патлумачыў Прановіч.