Мінгарсуд разгледзеў крымінальную справу ў дачыненні да 21-гадовага мінчаніна, які абвінавачваўся ў рэабілітацыі нацызму (ч. 1 арт. 130-1 Крымінальнага кодэкса). Пасля абвінаваўчага прысуду маладога чалавека вызвалілі ў зале суда.
Як распавялі ў пракуратуры, у 2020–2022 гадах, яшчэ будучы непаўналетнім, мінчанін “размясціў у сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» больш за 40 каментарыяў (паведамленняў), у якіх станоўча характарызаваў нацысцкіх злачынцаў, адмаўляў масавае знішчэнне ваеннаслужачымі войскаў СС пад кіраўніцтвам Оскара Дырлевангера мірных жыхароў вёскі Хатынь шляхам спальвання ў выніку карнай аперацыі 22 сакавіка 1943 года”. Таксама яго абвінавачвалі ў тым, што да паведамленняў ён прыкладаў фатаграфіі Гітлера, Гімлера, нацысцкай сімволікі, распаўсюджваў “відэазапіс, аўтар якога таксама апраўдваў ідэалогію нацызму, за што раней прыцягнуты да крымінальнай адказнасці”.
У судзе малады чалавек “прызнаў віну ў поўным аб’ёме, раскаяўся, растлумачыў, што гісторыяй Беларусі пачаў цікавіцца ў старэйшых класах школы і ў сацыяльных сетках праглядаў мноства груп на гістарычную тэматыку, у якіх услаўляліся ідэі нацызму, прызнавалі іх правільнымі, і паддаўся гэтаму ўплыву”. У перыяд навучання на гістарычным факультэце ВНУ ён паглыбіўся “ў вывучэнне гісторыі Другой сусветнай вайны і ў наступным цалкам змяніў свае погляды”.
“У судовым пасяджэнні ён звярнуў увагу на неабходнасць захавання гістарычнай праўды і памяці пра подзвіг беларускага народа”, – распавялі ў пракуратуры.
У выніку суд прызначыў яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 1 год 5 месяцаў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Аднак з улікам тэрміну, праведзенага абвінавачаным пад вартай падчас следства і суда, яго вызвалілі ад адбывання пакарання.
Прысуд у законную сілу не ўступіў, можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.