Экс-палітвязень журналіст Андрэй Аляксандраў атрымаў прэмію Free Media Awards
Рэдакцыя Reform.news · 29 верасня 2026, 19:54
https://reform.news/be/jeks-palitvjazen-zhurnalist-andrjej-aljaksandra-atryma-prjemiju-free-media-awards/Журналіст і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў, вызвалены 16 верасня, атрымаў прэмію Free Media Awards. Цырымонія ўручэння прайшла сёння ў Музеі Мунка ў Осла.
Аляксандраву прысуджаная прэмія «за мужнасць і прыхільнасць справе абароны свабоды прэсы і свабоды слова ва ўмовах усё больш рэпрэсіўнага рэжыму».
«Жыццё – штука разнастайная, за пераменамі толькі паспявай. Два тыдні таму збіраў драўляныя скрыні ў Наваполацку – а тут сяджу вось на 12-м паверсе музея Мунка ў Осла з узнагародай Free Media Award 2026 і выдатным відам на фіёрд. Але думкамі і эмоцыямі – з усімі, хто застаўся збіраць тыя скрыні, і з тымі, хто чакае іх дадому. Гэта птушка над фіёрдам – усім тым, хто не здаецца», — напісаў журналіст у Facebook.
Андрэй Аляксандраў быў затрыманы ў студзені 2021 года. У 2022 годзе яго прыгаварылі да 14 гадоў калоніі па абвінавачанні ў стварэнні «экстрэмісцкага фарміравання», здрадзе дзяржаве, нявыплаце падаткаў у буйным памеры, падрыхтоўцы грамадзян для ўдзелу ў беспарадках. 16 верасня 2026 года Аляксандрава вызвалілі і прымусова вывезлі ў Літву.
Прэмію Free Media Awards штогод прысуджаюць нарвежскі The Fritt Ord Foundation і нямецкі ZEIT-Stiftung журналістам Усходняй Еўропы. Яна ўручаецца незалежным СМІ і журналістам Усходняй і Цэнтральнай Еўропы як прызнанне іх расследавальніцкай працы ў надзвычайных умовах.

