Ізраіль і Ліван у ЗША зноў дамовіліся аб спыненні агню

Ізраіль і Ліван у ЗША зноў дамовіліся аб спыненні агню. Сустрэчы прадстаўнікоў дзвюх краін адбыліся 2 і 3 чэрвеня.

“У выніку перамоў пад кіраўніцтвам ЗША Ізраіль і Ліван дамовіліся аб захаванні рэжыму спынення агню. Спыненне агню залежыць ад поўнага спынення агню з боку «Хезбалы» і эвакуацыі ўсіх баевікоў «Хезбалы» з сектара Паўднёвая Літані”, — гаворыцца ў сумеснай заяве, апублікаванай Дзяржаўным дэпартаментам ЗША.

Дамоўленасці таксама прадугледжваюць аператыўнае стварэнне зон, у якіх ліванская армія возьме на сябе кантроль над тэрыторыяй.

“Усе краіны пацвердзілі, што будучыня адносін паміж Ізраілем і Ліванам павінна вырашацца двума суверэннымі ўрадамі. Яны адхілілі любыя спробы з боку любога дзяржаўнага або недзяржаўнага суб’екта ўзяць будучыню Лівана ў закладнікі.

Ізраіль і Ліван пацвердзілі адсутнасць варожых намераў адзін да аднаго і абавязаліся працягваць прамыя перамовы для ўмацавання даверу, урэгулявання ўсіх нявырашаных пытанняў і працы над усёабдымным пагадненнем паміж дзвюма краінамі”, — адзначаецца ў заяве.

Трэба адзначыць, што раней ужо абвяшчалася пра дасягненне дамоўленасцяў паміж Ізраілем і Ліванам. Аднак ізраільская армія працягнула баявыя дзеянні супраць “Хезбалы”.

Новыя пагадненні могуць садзейнічаць і перагаворнаму працэсу паміж ЗША і Іранам. Тэгеран ставіць адной з умоў таксама спыненне вайны ў Ліване.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!