Reform.news

Ініцыятыва Maldzis набыла слоўнік Насовіча 1870 года выдання

Reform.news · 26 верасня 2026, 14:13

https://reform.news/be/inicyjatyva-maldzis-nabyla-slo-nik-nasovicha-1870-goda-vydannja/

Ініцыятыва MALDZIS выкупіла «Слоўнік беларускай гаворкі» (у арыгінале – «Словарь бѣлорусскаго нарѣчія») Івана Насовіча. Праца была выдадзеная Імператарскай акадэміяй навук у Санкт-Пецярбургу ў 1870 годзе.

Фота: maldzis.world

У чым значэнне «Слоўніка беларускай гаворкі» Івана Насовіча?

Гэты слоўнік – адзін з найважнейшых лексікаграфічных збораў у гісторыі беларускага мовазнаўства.

На момант выхаду кнігі ўлады Расейскай імперыі не прызнавалі беларускую мову асобнай, адсюль і назва. Сам Іван Насовіч – мовазнаўца, фалькларыст і этнограф – хацеў назваць сваю працу слоўнікам «крывіцкай мовы».

«Слоўнік Насовіча – гэта спроба зафіксаваць свет, які мог знікнуць без следу. І хоць сам Насовіч мысліў у катэгорыях сваёй імперскай эпохі, вынік ягонай дзейнасці і да сёння працуе на беларускую будучыню. Вяртаючы гэты слоўнік у беларускі кантэкст, мы вяртаем сведчанне таго, што беларуская мова стагоддзямі была паўнавартаснай і жывой», – кажа кіраўнік ініцыятывы MALDZIS Павел Мацукевіч.

У будучыні кніга ў якасці грамадскага падарунка будзе перададзеная на радзіму аўтара – у Чавускі гісторыка-краязнаўчы музей.

Фота: maldzis.world

Пра Івана Насовіча і ягоную навуковую спадчыну

Сёння, 26 верасня, у Івана Насовіча дзень народзінаў.

Іван Насовіч нарадзіўся 26 верасня 1788 года ў вёсцы Гразіўцы Быхаўскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Чавускі раён Магілёўскай вобласці) у сям’і псаломшчыка. Вучыўся ў Магілёўскай гімназіі, потым у духоўнай семінарыі; скончыў яе ў 1812 годзе і адразу атрымаў прызначэнне выкладчыкам расейскай мовы і славеснасці ў вышэйшае аддзяленне Аршанскага духоўнага вучылішча.

Апроч беларускай і расейскай ведаў стараславянскую, лацінскую, грэчаскую і французскую мовы, а таксама старажытнаяўрэйскую і польскую.

Наступныя трыццаць з лішнім гадоў забрала служба – спачатку ў вучылішчах духоўнага ведамства, потым у сістэме Міністэрства народнай асветы Расейскай імперыі: выкладчык расейскай мовы і славеснасці, выкладчык лацінскай мовы, інспектар, дырэктар.

Служба дала магчымасць збору навуковага матэрыялу. Пераезды ў Оршу, Мсціслаў, Магілёў, Маладзечна, Свянцяны, а пазней, пасля выхаду на пенсію, і падарожжы па Магілёўскай, Менскай і Гарадзенскай губернях дазволілі пачуць беларускія гаворкі ў іх жывой розніцы, зблізку пазнаёміцца з народнай песняй і сабраць лексіку і фразеалогію з розных куткоў Беларусі.

У 1843 годзе Насовіч выйшаў у адстаўку, вярнуўся ў Мсціслаў і ў 55 гадоў узяўся за навуковую працу.
Яму было 64 гады, калі выйшлі «Беларускія прыказкі і прымаўкі». У ягоныя 79 выйшаў «Зборнік беларускіх прыказак», у 80 – «Беларускія прыказкі і загадкі», у 85 – «Беларускія песні». У рукапісах засталіся «Збор беларускіх слоў паводле алфавіта» і «Алфавітны паказальнік старажытных слоў», выняты з «Актаў, што адносяцца да гісторыі Заходняй Расеі» (1853).

Галоўная праца – «Слоўнік беларускай гаворкі» – выйшла ў 1870, калі аўтару было 82. Пачаў ён яе ў 1847 годзе і прысвяціў ёй 16 гадоў.

Гэта быў першы поўны слоўнік беларускай мовы. Сёння над праектамі такога маштабу працуюць інстытуты з дзясяткамі супрацоўнікаў – Насовіч зрабіў гэта адзін. Ягоныя этнаграфічныя працы не мелі аналагаў у свой час і дагэтуль служаць даследчыкам.

Складзены ім збор беларускіх баек, легенд, павер’яў і анекдотаў выдаць не ўдалося; дзе рукапіс сёння – невядома.

Постаць Насовіча для сучаснага беларускага погляду няпростая: ягоныя светапоглядныя і палітычныя перакананні належалі імперыі, у якой ён служыў. Але праца, зробленая ў тых рэаліях, працуе на беларускую мову – і саму гэтую супярэчнасць варта ўспрымаць як прыкмету эпохі, калі беларуская культура існавала паміж імперскай сістэмай і ўласнай ідэнтычнасцю.

Фота: maldzis.world

Кнігу набылі на аўкцыёне ў Нідэрландах на сродкі, якія MALDZIS збірае дзякуючы штомесячным ахвяраванням. Наступныя зборы адкрытыя для ўсіх – падтрымаць іх можна праз форму.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Рэклама

Пакінуць адказ