Хрэнін уручыў двум расійскім генералам ордэны Дружбы народаў

Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін у Маскве ўручыў генерал-палкоўніку Віктару Пазніхіру і генерал-маёру Аляксандру Пашчанку ордэны Дружбы народаў. Цырымонія адбылася сёння ў пасольстве Беларусі ў Маскве перад адлётам Хрэніна на радзіму.

“Гэта адна з самых значных дзяржаўных узнагарод Рэспублікі Беларусь”, – заявілі ў беларускім Мінабароны.

«Гэта не проста высокая ўзнагарода. Гэта сімвал асаблівага даверу і глыбокай павагі, у якім увасабляецца наша шматвяковая гісторыя, агульныя духоўныя каштоўнасці нашых народаў і адзінае імкненне да міру і бяспекі ў рэгіёне», — прыводзіць ведамства словы Хрэніна.

Выступаючы на цырымоніі, ён падкрэсліў “сімвалізм уручэння ордэнаў у Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі”.

«У гэты знамянальны дзень я маю гонар уручыць найвышэйшую ўзнагароду Беларусі для замежных грамадзян — ордэн Дружбы народаў. Гэта не проста высокая ўзнагарода. Гэта сімвал асаблівага даверу і глыбокай павагі, у якім увасабляецца наша шматвяковая гісторыя, агульныя духоўныя каштоўнасці нашых народаў і адзінае імкненне да міру і бяспекі ў рэгіёне. Вашы выдатныя заслугі ў справе ўмацавання міру, дружалюбных адносін і супрацоўніцтва паміж дзяржавамі, кансалідацыі грамадства і адзінства народаў належным чынам ацэнены кіраўніцтвам Рэспублікі Беларусь”, – заявіў міністр.

“Выказваю цвёрдую ўпэўненасць у тым, што і надалей вы сваёй бездакорнай службай, з гонарам і годнасцю, будзеце абараняць інтарэсы Саюзнай дзяржавы. Сёння мы разам вядзём барацьбу за справядлівы мір. І саюз Беларусі і Расіі стаіць на пярэднім краі гэтай жорсткай і вельмі сур’ёзнай барацьбы. Няхай ва ўмовах крохкасці міру непарушная дружба братніх славянскіх народаў на вякі застаецца той цвярдыняй, аб якую заўсёды будуць разбівацца агрэсіўныя планы нашых нядобразычліўцаў», – дадаў ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!