ГУР паведаміла пра затрыманне журналісткі з Беларусі, а затым выдаліла навіну

Ва Украіне затрымана беларуская журналістка, якую ГУР абвінаваціла ў шпіянажы на карысць КДБ Беларусі. Паводле інфармацыі Reform.news, гаворка ідзе пра Іну Кардаш. Паведамленне пра аперацыю апублікавала прэс-служба ГУР МА Украіны ў сваім тэлеграм-канале, а затым выдаліла пост.

“У рамках сумеснай працяглай і комплекснай спецаперацыі падраздзяленняў уласнай бяспекі ГУР МА Украіны і следчых СБУ пры працэсуальным кіраўніцтве Офіса Генеральнага пракурора Украіны выкрыта шпіёнка беларускага КДБ, якая спрабавала інфільтравацца ў адно з падраздзяленняў украінскай ваеннай разведкі”, — гаварылася ў выдаленым паведамленні.

35-гадовую агентку затрымалі ў Кіеве, ёй аб’яўлена падазрэнне ў шпіянажы, удакладнілі ў ГУР.

“Падчас спецаперацыі, якая доўжылася некалькі месяцаў, супрацоўнікі СБУ і ўласнай бяспекі ГУР дакументавалі злачынную дзейнасць беларускай шпіёнкі і вялі з ёй аператыўную гульню — пад выглядам сакрэтных даных ёй «скормлівалі» дэзінфармацыю”, — падзяліліся падрабязнасцямі ўкраінскія контрразведчыкі.

Сцвярджалася, што агентка працавала на беларускі КДБ з 2015 года. У 2020 годзе яе накіравалі для агентурнай працы на тэрыторыю Украіны. Прыкрыццём служыла журналісцкая дзейнасць — пасля працы на канале Медведчука «112», які знаходзіўся пад санкцыямі, шпіёнка ўладкавалася ў адно з вядучых медыя Украіны.

“Затым па загадзе куратара пад легендай неабходнасці медыцынскага абследавання жанчына выехала на дадатковы інструктаж у адну з краін ЕС. Ад чэкістаў яна атрымала заданне збіраць інфармацыю пра беларусаў і расіян, якія ваююць супраць дзяржавы-агрэсара на баку Украіны”, — распавялі ў ГУР.

Паводле іх версіі, беларуская шпіёнка павінна была ўсталяваць сувязі з супрацоўнікамі пасольства КНР у Кіеве, каб сабраць інфармацыю пра дзейнасць кітайскіх дыпламатаў ва Украіне.

Пасля збору шырокай доказнай базы жанчыну затрымалі ў Кіеве, канфіскавалі смартфон і дыктафон, якія яна выкарыстоўвала для збору закрытых звестак.

У цяперашні час яна знаходзіцца пад вартай. Ёй пагражае 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці, паведамілі ў ГУР.

Паводле інфармацыі Reform.news, гаворка ідзе пра Іну Кардаш.

У Беларусі да 2020 года Кардаш працавала як журналіст-фрылансер, супрацоўнічала і была ў адносінах з сумна вядомым аператарам Васілём Сямашкам. Нагадаем, Сямашка прыняў удзел у правакацыі КДБ супраць карэспандэнта “Украінскага радыё” ў Мінску Паўла Шарэйкі ў 2017 годзе. Сямашка перадаў Шарэйку нібыта сакрэтны расійскі дакумент, і ўкраінец атрымаў 8 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў шпіянажы. У 2019 годзе Украіна абмяняла Шарэйку на беларускага шпіёна.

З 2020 года Кардаш у пары з Сямашкам працавала на ўкраінскі канал “112”.

19 чэрвеня 2020 года яе затрымлівалі падчас мірнай акцыі пратэсту. У тым жа годзе яна пераехала ў Кіеў і паспела папрацаваць на 112 і на “Інтэрфакс-Украіна”.

Вядома, што Кардаш адвучылася на журналіста ў ЕГУ.

Іна Кардаш. Фота з асабістага архіва.

Скрыншот старонкі Кардаш у Facebook.
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!