Беларусь прафінансавала 28 прамысловых праектаў за кітайскія крэдыты на 5,5 млрд долараў

Беларусь прафінансавала 28 прамысловых праектаў за кітайскія крэдыты на 5,5 млрд долараў. Такія даныя на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі прывёў першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў. Гаворка ідзе пра льготныя і камерцыйныя крэдыты, прыцягнутыя за 20 гадоў.

“Праекты, рэалізаваныя з Кітаем, забяспечвалі каля дзясятай часткі прыросту беларускай эканомікі за дзесяцігоддзе”, — сказаў ён, перадае БелТА.

Снапкоў таксама распавёў, што за 10 гадоў абарот гандлю таварамі паміж Беларуссю і Кітаем вырас з 2,5 млрд да 8,9 млрд долараў.

Абарот тавараў і паслуг наблізіўся да 12 млрд долараў. Доля Кітая ў знешнім гандлі вырасла ў два разы і паднялася да 11%. КНР з’яўляецца другім гандлёвым партнёрам Беларусі пасля Расіі.

У Кітай пастаўляецца 30% ад агульнага аб’ёму экспарту беларускага калію, 45% — рапсавага алею, 50% — льнотрэсты, 33% — лесаматэрыялаў і 37% — малочнай сыроваткі. Трэба адзначыць, што паводле даных мытнай статыстыкі Кітая, у мінулым годзе з Беларусі ў КНР было ўвезена калійных угнаенняў на 747,2 млн долараў.

Валавы аб’ём інвестыцый з Кітая за 10 гадоў перавысіў 2 млрд долараў. За дзевяць месяцаў мінулага года яны склалі 443 млн долараў, павялічыўшыся ў 2,6 раза ў параўнанні з аналагічным перыядам 2024 года.

“Калі ў 2015 годзе Кітай сярод донараў займаў пятае месца па валавых інвестыцыях, то па выніках 9 месяцаў — другое месца”, — сказаў першы віцэ-прэм’ер.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!